Лукашэнку ўразілі планы Крэмля
- Андрэй Бронішэўскі, «Plan B»
- 4.10.2026, 10:59
Гэтым разам аднымі санкцыямі можна і не абысціся.
У наступным годзе Расія збіраецца эканоміць літаральна на ўсім. Акрамя вайны. На вайне Расія эканоміць не збіраецца. Расійскі прэм’ер Міхаіл Мішусцін бліжэй пазнаёміў Лукашэнку са сваімі фінансавымі планамі. І нават на Лукашэнку гэтыя планы зрабілі нязмыўнае ўражанне. Здаецца, на беларускім саюзніку Расія эканоміць не будзе.
«Гэта прыгаламшальныя планы», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў Еўразійскага саюза.
Што канкрэтна яго так уразіла, Лукашэнка не ўдакладніў. У наступным годзе Расія скараціць усе сацыяльныя выдаткі на 6–7%, выдаткі на эканоміку — на 7,5 працэнта. Плацяжы па даўгах складуць амаль столькі ж, колькі выдаткі на эканамічнае развіццё.
Затое Расія на траціну павялічыць выдаткі на вайну. Яны складуць 35 працэнтаў ад усіх выдаткаў бюджэту. Калі ўлічваць траты на ўсю астатнюю нацыянальную бяспеку, то атрымліваецца 44 працэнты. Большую долю Савецкі Саюз траціў толькі падчас Другой сусветнай вайны.
«Калі атрымаецца ў Расіі, нам горш не будзе — не толькі ў Беларусі, але і ўсім нам на постсавецкай прасторы», — захапіўся Лукашэнка.
Што да «горш ужо не будзе», дык ён, вядома, крыху паспяшаўся. Горш не будзе, калі ўсё пойдзе паводле плана. А расійскія планы з 2022 года ідуць курсам рускага ваеннага карабля. Таму ёсць усе шанцы, што на вайну Расія выдаткуе яшчэ больш, а на ўсё астатняе, адпаведна, — яшчэ менш.
Здавалася б, чаму тут радавацца? Менш на эканоміку — значыць, менш грошай для беларускага саюзніка. Але, здаецца, Лукашэнку паабяцалі, што ягоныя асабістыя інтарэсы пры секвестры расійскага бюджэту не пацярпяць.
Скарачаючы ўсе астатнія невайсковыя выдаткі, расійскія ўлады вырашылі не эканоміць на саюзніках. Бо ў Расіі не бывае бясплатных саюзнікаў. Таму расійскі Мінфін прапануе ў бліжэйшыя тры гады выдзяляць іншым дзяржавам па 6 мільярдаў долараў крэдытаў штогод.
«Пазначаныя аб’ёмы сродкаў неабходныя для завяршэння дзеючых праектаў і выканання Расійскай Федэрацыяй прынятых абавязацельстваў», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да бюджэту.
Колькі з гэтых шасці мільярдаў прыпадае на долю беларускага саюзніка, у бюджэце не ўдакладняецца. Але, відаць, нямала. Інакш энтузіязм Лукашэнкі цяжка было б патлумачыць.
«Дай Божа, Міхаіл Уладзіміравіч, каб атрымалася рэалізацыя гэтага плана», — сказаў Лукашэнка ў пятніцу.
І застаецца толькі пытанне, чым Лукашэнка будзе плаціць за гэты атракцыён нечуванай шчодрасці. А плаціць, відаць, давядзецца дорага.
«Вядома, у мяне ёсць пэўныя асаблівасці пры ацэнцы канфлікту ва Украіне… Калі вы, кіраўніцтва Расіі, прымеце рашэнне, мы заўсёды будзем з вамі, нягледзячы на нашы асаблівасці разумення таго, што там адбываецца», — паабяцаў Лукашэнка.
Улічваючы нарастанне эскалацыі ў адносінах паміж Расіяй і Захадам, абяцанне ісці з Расіяй да канца, «нягледзячы на асаблівасці разумення», выглядае злавесна. У 2022 годзе Расія таксама абяцала Лукашэнку, што ён не застанецца пакрыўджаным, і Адэскі порт у дадатак дарма. Замест гэтага ён атрымаў санкцыі і закрытыя межы. А гэтым разам аднымі санкцыямі можна і не абысціся.
Андрэй Бронішэўскі, «Plan B»