BE RU EN

Еўропа змяняе дызайн еўра

  • 4.10.2026, 13:14

Кола магчымых тэм звузілася да двух: «Птушкі і рэкі» і «Еўрапейская культура».

Нядаўна завершылася галасаванне, падчас якога жыхары Еўрапейскага саюза маглі вырашыць, як будуць выглядаць будучыя банкноты еўра. Калі валюта ЕС атрымае новы дызайн і як доўга яшчэ можна будзе карыстацца старымі банкнотамі — распавядае партал ujszo.com.

Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) даўно працуе над заменай афіцыйных папяровых грошай ЕС; пасля маштабных кансультацый і распрацоўкі дызайну кола магчымых тэм звузілася да двух: «Птушкі і рэкі» і «Еўрапейская культура». Падчас галасавання жыхары ЕС маглі выбраць адзін з пяці варыянтаў дызайну для кожнай з гэтых дзвюх тэм.

ЕЦБ паведаміў, што ў галасаванні за новы дызайн узялі ўдзел каля 9,96 мільёна грамадзянаў ЕС, гэта значыць 2,6 працэнта насельніцтва еўразоны. Актыўнасць была высокай ва ўсіх узроставых групах, уключаючы моладзь: дзве трэці адказаў паступіла ад людзей маладзей за 35 гадоў.

Галасаванне праходзіла з 23 ліпеня па 21 верасня, аднак прамежкавыя вынікі пакуль не публікуюцца.

Рашэнне будзе прынята толькі пасля абагульнення вынікаў і атрымання рэкамендацый ад незалежнага журы конкурсу дызайну — гэта чакаецца да канца бягучага года. Тады ж будуць апублікаваныя падрабязныя справаздачы аб апытаннях, уключаючы даныя пра размеркаванне галасоў па асобных дзяржавах-членах.

ЕЦБ падкрэслівае, што новыя банкноты будуць абсталяваныя найсучаснейшымі элементамі абароны, а таксама будуць адрознівацца палепшанымі характарыстыкамі з пункту гледжання даступнасці і экалагічнасці.

Праўда, у абарачэнне яны паступяць не хутка. Паводле ацэнак ЕЦБ, гэта наўрад ці адбудзецца раней за пачатак 2030-х гадоў.

Аднак гэта не азначае, што цяперашнія банкноты знікнуць адразу: разам з паступовым увядзеннем новых грашовых знакаў у абарачэнні будуць заставацца і ўжо існуючыя банкноты.

Апошнія навіны