У Бразіліі пачынаюцца прэзідэнцкія выбары
- 4.10.2026, 13:37
Асноўная барацьба разгорнецца паміж дзеючым кіраўніком краіны і сынам асуджанага экс-прэзідэнта.
У Бразіліі ў нядзелю адбудзецца першы тур прэзідэнцкіх выбараў.
У выпадку, калі ніводзін кандыдат не зможа набраць больш за 50% галасоў, 25 кастрычніка адбудзецца другі тур, перадае «Інтэрфакс».
Галоўнымі з 13 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы з’яўляюцца дзеючы прэзідэнт Луіс Інасіу Лула да Сілва, а таксама Флавіу Балсанару - сын былога прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару і член правай Ліберальнай партыі. Флавіу Балсанару абвінавачвае Лулу да Сілву ў стратах дзяржаўных кампаній і ў нежаданні весці барацьбу з арганізаванай злачыннасцю. Балсанару таксама выступае за актывізацыю супрацоўніцтва з цяперашняй адміністрацыяй ЗША.
Лула да Сілва з’яўляецца сябрам левацэнтрысцкай Партыі працоўных. Ён абяцае ў выпадку захавання ўлады пакласці канец праблемам у краіне, у прыватнасці, абяцае інвеставаць у ахову здароўя, адукацыю і будаўніцтва жылых дамоў. Напрыканцы верасня перадвыбарчы штаб прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіу Лулы да Сілвы распаўсюдзіў відэаролік, у якім абвінаваціў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа у спробе каланізаваць Бразілію, падтрымліваючы Флавіу Балсанару.
У выпадку перамогі Лула да Сілва застанецца на чале дзяржавы на чацвёрты тэрмін. Акрамя цяперашняга тэрміну, ён займаў пасаду прэзідэнта ў 2003–2011 гадах.
Паводле апытання AtlasIntel, праведзенага напрыканцы верасня, у першым туры выбараў за Лулу да Сілву гатовыя прагаласаваць 45,3% рэспандэнтаў, а за Балсанару - 42,2%.
Паводле таго ж апытання, у выпадку правядзення другога тура пераможа Балсанару, а адрыў ад дзеючага прэзідэнта будзе мінімальны: за сенатара прагаласуюць 47,7%, а за Лулу да Сілву - 47,6%.
Пры гэтым раней у Бразіліі публікаваліся апытанні, у якіх невялікая перавага ў другім туры была ў дзеючага прэзідэнта.
У верасні 2025 года Вярхоўны суд Бразіліі прысудзіў Жаіра Балсанару да 27 гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі па справе «аб змове з мэтай дзяржаўнага перавароту» пасля паразы на выбарах 2022 года. Тады ён саступіў Луле. Балсанару адхіліў абвінавачанні і назваў справу палітычным пераследам. Пасля яго паразы прыхільнікі экс-прэзідэнта штурмавалі будынкі парламента, Вярхоўнага суда і прэзідэнцкага палаца.