BE RU EN

У наваполацкай калоніі памёр псіхіятр Ігар Постнаў

  • 4.10.2026, 13:59

У 2020 годзе ён рэзка крытыкаваў Лукашэнку за ігнараванне праблем з каранавірусам.

Віцебскі псіхіятр Ігар Постнаў памёр у наваполацкай калоніі. Яму было 58 гадоў. Пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках паведаміў праваабаронца Павал Левінаў.

Постнаў нарадзіўся ў 1968 годзе ў Віцебску. Скончыў з чырвоным дыпломам мясцовы медуніверсітэт, шмат гадоў працаваў педыятрам, потым атрымаў дадатковую адукацыю па спецыяльнасці «псіхіятрыя».

У 2013-м пачаў публічна крытыкаваць недахопы ў працы віцебскіх медыцынскіх устаноў. Пасля крытычнага выступу на тэлеканале «Белсат» пра дзейнасць Аляксандра Косінца, тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама, Постнава прымусова змясцілі ў псіхіятрычную клініку, дзе ён і працаваў. Яго трымалі там больш за месяц, а пасля вызвалення ён спрабаваў аспрэчыць і пастанову суда, які накіраваў яго на лячэнне, і пастаўлены дыягназ. У 2014 годзе Постнаў звярнуўся ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расіі. Там пацвердзілі, што ён не меў патрэбы ў лячэнні.

У 2018-м Постнава абвінавацілі ў паклёпе на віцебскага пракурора Юрыя Раманаўскага. У 2019-м яго прызналі вінаватым «у распаўсюджанні загадзя ілжывых звестак, якія зняслаўляюць іншую асобу (паклёп), размешчаных у глабальнай сетцы Інтэрнэт», і прыгаварылі яго да абмежавання волі на 3 гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Ужо ў ліпені 2019-га ён выйшаў на волю. Абставіны свайго вызвалення Постнаў тлумачыў у сацыяльных сетках даволі туманна, згадваючы, што «пагадзіўся на амністыю» або на «здзелку». Першапачаткова ён скардзіўся на безграшоўе, аднак пазней звярнуўся ў дзяржаўныя службы, і яго ўладкавалі па спецыяльнасці — урачом-псіхіятрам у Докшыцкую ЦРБ. Працуючы там, у 2020-м ён рэзка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за ігнараванне праблем з каранавірусам, якім і сам цяжка перахварэў.

У Наваполацкую ІК-1 Ігар Постнаў трапіў, паводле сцвярджэння некаторых крыніц, у выніку канфлікту з уладамі Докшыцкага раёна. Постнаву пагражалі «помсціць» за прынцыповы прафесійны падыход. Калі менавіта адбыўся суд, за што канкрэтна і як быў пакараны віцебскі лекар, застаецца невядомым, паколькі Ігар Постнаў не меў сваякоў і вёў замкнёны лад жыцця.

Апошнія навіны