Талібы пачалі закупляць зброю і беспілотнікі ў Беларусі
- 4.10.2026, 20:07
Пры садзейнічанні Расіі.
Рух «Талібан», які кіруе ў Афганістане, набывае ў Беларусі ўзбраенне і беспілотнікі са згоды Расіі, а пасярэднікам у здзелках выступае Індыя, паведамляе Afghanistan International са спасылкай на пяць былых высокапастаўленых афганскіх чыноўнікаў, перадае The Moscow Times.
Паводле іх звестак, кантакты паміж Мінскам і талібамі актывізаваліся пасля візіту ў Маскву міністра абароны руху Мухамада Якуба у канцы мая — на пачатку чэрвеня. Падчас паездкі было падпісана пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Расійскі бок сцвярджаў, што дакумент прадугледжвае рамонт савецкай ваеннай тэхнікі, якая засталася ў Афганістане.
Суразмоўца тэлеканала, блізкі да талібаў, пацвердзіў наяўнасць дамоўленасцяў з Беларуссю і заявіў, што ўзаемадзеянне адбываецца пры ўдзеле Расіі. Паводле крыніц, талібы зацікаўленыя ў ўзбраенні і беспілотніках з-за абвастрэння адносін з Пакістанам, а Індыя, якая таксама канфліктуе з гэтай краінай, спансуе гэтыя здзелкі.
Падобная схема выкарыстоўвалася пры ўрадзе Ашрафа Гані. Былы высокапастаўлены афганскі сілавік распавёў, што тады Індыя набывала ў Беларусі верталёты для афганскіх сіл, а таксама рамантавала частку тэхнікі на яе прадпрыемствах і перадавала яе Кабулу. Цяпер талібы, паводле сцверджання крыніцы, спрабуюць выкарыстоўваць аналагічны механізм.
Мінск сапраўды пашырае кантакты з угрупаваннем. У жніўні Беларусь наведала дэлегацыя з 13 талібаў, узначаленая выконваючым абавязкі міністра сельскай гаспадаркі Атауллай Амары. Яны ўдзельнічалі ў пасяджэнні двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Таксама талібы ўхвалілі кандыдатуру беларускага пасла па сумяшчальніцтве.
Пры гэтым публічна Расія выступае як саюзніца Пакістана і асуджае нападзенні на яго з боку звязаных з талібамі ўгрупаванняў, заклікаючы да сумеснай барацьбы з тэрарызмам.