Ілон Маск раптоўна расстаўся з маці чацвярых сваіх дзяцей
- 4.10.2026, 20:50
Мільярдэр адпісаўся ад яе ў сацсетках.
Амерыканскі мільярдэр Ілон Маск і дырэктар па аперацыях нейратэхналагічнай кампаніі Neuralink Шывон Зіліс спынілі адносіны пасля некалькіх гадоў сумеснага жыцця, паведамляе La Voce di New York.
Пра расстанне 40-гадовая топ-менеджарка падрабязна расказала ў сацыяльнай сетцы X. Падставай для публічнай заявы стала тое, што карыстальнікі звярнулі ўвагу: Маск перастаў быць яе падпісчыкам на платформе.
«Цяжка без усякага папярэджання прайсці шлях ад кахання да расстання за тыдзень, але часам так бывае», — напісала Зіліс. Сам прадпрымальнік сітуацыю публічна не каментаваў.
У сваім звароце жанчына падкрэсліла, што не трымае крыўдаў на мільярдэра, «кахала яго больш за жыццё» і старалася быць для яго крыніцай стабільнасці і спакою. Галоўным сваім прыярытэтам цяпер яна назвала выхаванне чацвярых агульных дзяцей: блізнят Страйдэра і Эзюра (нарадзіліся ў 2021 годзе), дачкі Аркадзіі (2024 год) і сына Сэлдана Лікурга (2025 год). Зіліс выразіла надзею, што ім з Маскам ўдасца застацца блізкімі сябрамі і клапатлівымі бацькамі.
Судзячы па апублікаваных Зіліс скрыншотах перапіскі, разрыў адбыўся імкліва. Яшчэ 24 верасня бізнесмен пісаў ёй: «Я таксама цябе кахаю» і шкадаваў, што не змог узяць яе ў Белы дом на прыём са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. А ўжо 27 верасня Зіліс апублікавала кароткую фразу: «Новы дзень, новае жыццё».
Сувязь паміж партнёрамі доўгі час заставалася непублічнай. Ураджэнка Канады і выпускніца Ельскага ўніверсітэта, Шывон Зіліс, пабудавала паспяховую кар’еру ў сферы штучнага інтэлекту. Раней яна ўваходзіла ў савет дырэктараў OpenAI і кіравала праектамі ў Tesla, а затым заняла пасаду дырэктаркі па аперацыях і спецыяльных праектах у заснаваным Маскам стартапе Neuralink.
Пра іх асабістыя адносіны стала вядома толькі ў 2022 годзе з судовых дакументаў аб афармленні апекі над блізнятамі. Пазней, падчас судовых разбораў Маска з OpenAI вясной мінулага года, топ-менеджарка пацвердзіла, што пасля кароткага збліжэння ў 2016 годзе яны заставаліся сябрамі, а ў 2020-м Маск прапанаваў ёй стаць донаркай для працэдуры ЭКА.
Нягледзячы на спыненне рамантычнай сувязі, пра змены ў прафесійным статусе Зіліс у Neuralink не паведамляецца. Яна па-ранейшаму займае кіраўнічую пасаду ў кампаніі Маска і падкрэслівае, што заўсёды будзе жадаць яму шчасця.