BE RU EN

У Белым доме зрабілі заяву пра ўспышку чумы ў Расіі

  • 5.10.2026, 7:33

У РФ ігнаруюць інцыдэнт і выдаляюць усе паведамленні пра яго.

Белы дом сочыць за паведамленнямі пра меркаваны выпадак захворвання на чуму і звязаныя з гэтым каранцінныя меры ў Расіі. Пра гэта выданню Axios паведаміў прадстаўнік адміністрацыі Дональда Трампа.

Паводле слоў чыноўніка, адміністрацыя «ў курсе сітуацыі, сочыць за ўспышкай і ацэньвае магчымыя варыянты дзеянняў».

Пасля смерці супрацоўніцы процічумнага навукова-даследчага інстытута ў Іркуцкай вобласці Дар'і Шыпілавай улады ўвялі каранцін у некалькіх медыцынскіх установах рэгіёна і ўзялі пад медыцынскае назіранне амаль 200 чалавек, якія кантактавалі з ёй. Пры гэтым заражэнне чумой афіцыйна не пацверджана, а ад расійскіх уладаў амаль няма каментароў наконт таго, што адбылося.

Як піша выданне «Людзі Байкала», губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў згадаў пра гібель Шыпілавай толькі ў другой частцы падборкі галоўных падзей тыдня: пасля інфармацыі пра напад мядзведзяў і вакцыны ад грыпу. Ён спаслаўся на даныя Роспатрэбнагляду, які раней заявіў, што Шыпілава памерла ад «пнеўманіі неўсталяванай этыялогіі».

Тым часам, паводле звестак Astra, афіцыйныя СМІ і ўлады выдаляюць паведамленні пра чуму. Як паведамляе канал, пост адміністрацыі Байкальска з просьбай не наведваць горад Шэлехаў правісеў каля двух гадзін, а Telegram-канал пракрамлёўскага РЭН ТВ выдаліў усе пяць публікацый пра распаўсюджанне чумы.

Апошнія навіны