Зяленскі: Пуцін хоча быць у акварыуме
- 5.10.2026, 8:47
Прэзідэнт Украіны пагразіў Расіі адказам за ўдары па мастах у Кіеве.
Украіна будзе адказваць на ўдары краіны-агрэсара РФ па мастах і іншай інфраструктуры, засяродзіўшыся на ваеннай лагістыцы расіян. Пра гэта 4 кастрычніка заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, перадае карэспандэнт выдання «Гордон».
Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, Сілы абароны Украіны маюць уласныя планы і аперацыі, прыярытэтам якіх з’яўляецца знішчэнне ваеннай лагістыкі праціўніка, у прыватнасці шляхоў пастаўкі ўзбраення і хабаў з дронамі.
Зяленскі абурыўся тым, што расіяне адкрыта атакуюць украінскія масты, дата-цэнтры і аб’екты мабільнай сувязі. На яго думку, нелегітымны прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін свядома правакуе Украіну на адказныя дзеянні, каб узмацніць эскалацыю.
«Я думаю, шчыра кажучы, што ён [Пуцін] вырашыў так, што калі ён будзе біць па інтэрнэце, па дата-цэнтрах і па мабільнай сувязі, разумеючы маю прынцыповасць, ён разумее, што мы адкажам. Пытанне толькі часу», — заявіў прэзідэнт.
На думку Зяленскага, Пуцін можа быць зацікаўлены нават у тым, каб расіяне засталіся без доступу да інтэрнэту.
«Я думаю, ён разлічвае, што ў яго не будзе інтэрнэту, калі шчыра, таму што ён хоча... Ён і так ужо рыба. Ён хоча быць цалкам у акварыуме, каб у людзей не было інтэрнэту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна знойдзе выйсце з сітуацыі, нават калі Расія знішчыць украінскія масты. У той жа час ён папярэдзіў, што наступствы такой эскалацыі могуць адчуць на сабе і самі расіяне.
«Калі нашы масты рухнуць, мы выйдзем з гэтай сітуацыі, але і яго людзі таксама будуць гэта адчуваць», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго пераканання, Пуцін імкнецца максімальна абвастрыць вайну, бо не адчувае дастатковага міжнароднага ціску. Зяленскі лічыць, што найперш яго павінны ўзмацніць ЗША, бо той баіцца амерыканскага лідара Дональда Трампа.