Расіяне нанеслі ўдар па КПП на мяжы з Малдовай: снарад трапіў у аўтобус
- 5.10.2026, 12:00
Паранены памежнік.
Падчас атакі на Украіну 5 кастрычніка расійскі снарад упаў паблізу пункта пропуску Паланка — Маякі — Удобнае на ўкраінска-малдаўскай мяжы. Пасля ўдару ён рыкашэтам трапіў у аўтобус, прыпаркаваны каля шлагбаўма, у выніку чаго быў паранены памежнік.
Пра гэта паведаміла Памежная паліцыя Малдовы.
На дадзены момант праца КПП прыпыненая. У ведамстве паведамілі, што іх супрацоўнік атрымаў лёгкае раненне, іншых пацярпелых няма. Пры гэтым пашкоджаныя аўтобус і кабіна кантролю.
Як піша NewsMaker, а 11:50 па Мінску рух у кірунку пункта пропуску быў часова перакрыты ад скрыжавання дарог R-30 і R-31 у Штэфан-Водскім раёне. Як паведамілі ў Генеральнай інспекцыі паліцыі, абмежаванне будзе дзейнічаць да завяршэння фіксацыі і расследавання абставінаў інцыдэнту.