BE RU EN

«Чакаем свае кватэры ўжо шосты год»

  • 5.10.2026, 12:00

У Мінску дольшчыкі ЖК Smart збунтаваліся.

Даўгабуды, відэазвароты… Гэтая праблема ў Мінску, здавалася, даўно засталася ў мінулым. У апошнія гады значныя зрывы тэрмінаў будаўніцтва новабудоў — рэдкасць. Але ЖК Smart на вуліцы Прылукскай, на жаль, трапіў у гэтую катэгорыю. Дом пачалі будаваць у 2019 годзе, а многія дольшчыкі дагэтуль не атрымалі ключы, піша «Онлайнер».

Нагадаем: шматпакутны жыллёвы комплекс Smart на скрыжаванні вуліц Прылукскай і Глаголева пачалі будаваць яшчэ ў далёкім 2019 годзе. Першапачаткова абяцалі хутка ўзвесці 13-павярховы дом у форме трапецыі, але за першыя гады забудоўшчык здаў у эксплуатацыю ўсяго дзве сэкцыі.

Тэрміны ўводу астатніх пяці пад’ездаў пастаянна пераносіліся: спачатку на 2022-ы, потым на 2023 год. Некаторыя дольшчыкі нават вырашылі скасаваць дамовы і пайшлі ў суд, каб вярнуць свае грошы.

Тыя мінчукі, якія ўсё ж вырашылі дачакацца ключоў, у 2024 годзе звярнуліся да Лукашэнкі па дапамогу. Нядаўна яны запісалі другі відэазварот, у якім гаворыцца:

— Аляксандр Рыгоравіч, мы, дольшчыкі шырока вядомага ЖК Smart, звярталіся да вас у 2024 годзе. Пасля звароту да вас сітуацыя рэзка палепшылася, але мінула тры гады, а дом не здадзены. Нас працягваюць карміць абяцаннямі і прымушаюць падпісваць дакументы з пераносамі. Мы чакаем свае кватэры ўжо шосты год. Акрамя тэрмінаў, праект значна патаньнілі, што відаць па змене фасада і замене ліфтаў. А таксама паменшылі колькасць месцаў агульнага карыстання за кошт продажу кладовак на гэтых месцах. Дом не здадзены, якасць відавочная. Просім звярнуць увагу на нашыя праблемы.

Трэба сказаць, што забудоўшчык дома — кампанія «НікаПраект» — нядаўна заявіў, што мае намер скончыць будаўніцтва да канца 2026 года. Цяпер ён рыхтуе да здачы трэцюю, чацвёртую і пятую сэкцыі, паралельна даводзіць да ладу заключныя — шостую і сёмую сэкцыі.

Аднак прэтэнзіі дольшчыкаў тычацца не толькі тэрмінаў здачы аб’екта. Паводле іх слоў, якасць будаўніцтва пакідае жадаць лепшага. То-бок нават пасля прыёмкі жылля ім давядзецца разбірацца з новай праблемай: даводзіць да ладу даўгачаканыя жылыя сцены і месцы агульнага карыстання.

Апошнія навіны