Парадокс вакол Армуза
- Нікіта Смагін
- 5.10.2026, 12:38
Як так атрымліваецца?
Парадокс вакол Армуза: Іран б'е па танкерах, але нафтавы экспарт з рэгіёна расце.
Reuters піша, што сярэдні паказчык экспарту сырой нафты з Блізкага Усходу на пачатак кастрычніка — 18,5 млн барэляў у суткі. Гэта на 0,5 млн больш (!), чым было ў сярэднім да вайны.
Экспарт звадкаванага газу ў верасні таксама рос і дасягнуў максімальных паказчыкаў з пачатку вайны. Пастаўкі крыху не дацягваюць да даваеннага ўзроўню, але ўжо ў кастрычніку можа адбыцца поўнае аднаўленне.
Як так атрымліваецца? Часткова запрацавалі абыходныя шляхі: экспарт праз Чырвонае мора і тэрміналы ААЭ па-за межамі Армуза. Часткова працуюць канвоі ЗША, якія суправаджаюць танкеры.
Але яшчэ важней: краіны Заліва проста прынялі той факт, што час ад часу нейкія танкеры падбіваюць.
Калі эксперты разважалі пра магчымасці Ірана перакрыць Армуз, яны зыходзілі з папярэдняга досведу хусітаў. Тыя ўмоўна адзін карабель на тыдзень падбівалі ў Чырвоным моры, і ўжо з-за гэтага 90% сусветнага флоту гэтым шляхам не ішлі. Адсюль была выснова: Ірану дастаткова падбіваць пару караблёў на тыдзень — і экспарт абрынецца.
Але розніца прынцыповая: у караблёў, што ідуць праз Чырвонае мора, заўсёды была альтэрнатыва. Так, абыходзіць Афрыку дорага, але ўсё ж цалкам рэальна. А ў краін Персідскага заліва, па вялікім рахунку, альтэрнатывы няма: або ідзём праз Армуз, або губляем большую частку экспарту (а некаторыя, як Катар, — увесь).
У выніку цяпер сітуацыя выглядае так: так, страхоўка моцна даражэе. Так, выдаткі значна растуць. Так, нейкі танкер можа быць пашкоджаны. Але няма куды дзецца — трэба шукаць шляхі і прарывацца.
У выніку экспарт нафты сёння аднавіўся ва ўсіх, акрамя самога Ірана — ЗША так і не даюць яму экспартаваць нафту.
Праўда, краінам Заліва і ЗША рана радавацца. Трэба разумець:
1. Цяперашняя схема істотна павялічвае выдаткі. То-бок аднавіліся аб'ёмы, але не даходы краін Заліва ад экспарту нафты. Падобная сітуацыя і ў ЗША — яны трацяць вялікія рэсурсы на эскорт караблёў.
2. Цэны на нафту пакуль не ўпалі: рынак усё яшчэ чакае магчымых узрушэнняў і змен, а таксама закупляе наперад, аднаўляючы запасы.
3. Вельмі верагодная эскалацыя з боку Ірана. Тэгерану моцна не падабаецца тое, што адбываецца, і проста так страціць рычаг ціску ў выглядзе Армузскага праліва ён відавочна не гатовы.
Нікіта Смагін, «Фэйсбук»