Колькі беларусаў вучацца ў амерыканскіх універсітэтах?
- 5.10.2026, 21:18
У параўнанні з папярэднім навучальным годам іх колькасць павялічылася на 5,7%.
У 2024/25 навучальным годзе ў каледжах і ўніверсітэтах ЗША вучыліся 1 177 766 замежных студэнтаў. Гэта рэкордны паказчык, які складае каля 6% ад агульнай колькасці студэнтаў амерыканскіх устаноў вышэйшай адукацыі. За год колькасць замежных студэнтаў павялічылася прыкладна на 5%, піша Thinktanks.pro.
Паводле даследавання Institute of International Education, у амерыканскіх універсітэтах навучаліся 411 студэнтаў з Беларусі. У параўнанні з папярэднім навучальным годам іх колькасць павялічылася на 5,7%.
Па гэтым паказчыку Беларусь апярэджвае Літву, адкуль у амерыканскіх ВНУ навучаліся 343 студэнта, і Латвію — 271. Пры гэтым беларусаў значна менш, чым студэнтаў з Украіны — 2346, Польшчы — 1809 і Расіі — 4948.
Найбольш замежных студэнтаў у ЗША — з Індыі: 363 019 чалавек, або 30,8% ад усіх замежнікаў. За год іх колькасць павялічылася на 9,5%. На другім месцы Кітай — 265 919 студэнтаў, або 22,6%, але колькасць кітайскіх студэнтаў за год скарацілася на 4,1%. Далей ідуць Паўднёвая Карэя — 42 293 студэнта, Канада — 29 903 і В’етнам — 25 584.
У агульную статыстыку замежных студэнтаў ўваходзяць не толькі людзі, якія непасрэдна навучаюцца ва ўніверсітэтах і каледжах. У яе таксама ўключаюць выпускнікоў, якія пасля заканчэння навучання часова працуюць у ЗША ў межах праграмы Optional Practical Training (OPT). У статыстыцы Open Doors іх па-ранейшаму лічаць замежнымі студэнтамі, бо OPT з’яўляецца часткай адукацыйнай праграмы для замежнікаў.
У 2024/25 навучальным годзе колькасць удзельнікаў OPT павялічылася на 21% і дасягнула 294 253 чалавек. Адначасова колькасць новых замежных студэнтаў, якія ўпершыню паступілі ў амерыканскія ВНУ, скарацілася на 7% — да 277 118 чалавек.