BE RU EN

Румынія пачала мабілізацыйныя вучэнні з удзелам 10 тысяч рэзервістаў

  • 5.10.2026, 22:02

Яны працягнуцца тыдзень.

У Румыніі пачаліся мабілізацыйныя вучэнні з удзелам каля 10 тыс. рэзервістаў, паведамляе Міністэрства нацыянальнай абароны.

Яны пройдуць з 5 па 12 кастрычніка адначасова ў Бухарэсце і прылеглым да сталіцы павеце Ілфав. Частку рэзервістаў, якія там пражываюць, выклікалі ў вайсковыя часткі для правядзення мерапрыемстваў па падрыхтоўцы.

Вучэнні арганізавала Мінабароны разам з Міністэрствам унутраных спраў, Румынскай інфармацыйнай службай, Спецыяльнай службай тэлекамунікацый і Нацыянальнай адміністрацыяй пенітэнцыярных устаноў.

На пачатку 2025-га ўлады Румыніі заявілі, што плануюць павялічыць колькасць асабовага складу арміі да 100 тыс. чалавек, але для гэтага спатрэбіцца не менш як 35 тыс. навабранцаў.

Тады ж Бухарэст абвясціў пра планы ўвесці ў краіне добраахвотную аплатную чатырохмесячную вайсковую службу, разлічаную на моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Пасля завяршэння курса ўдзельнікі стануць рэзервістамі і змогуць пры жаданні стаць вайскоўцамі на пастаяннай аснове.

За год да гэтага ў Румыніі пачалі будаваць найбуйнейшую базу НАТА. Яна зможа змяшчаць да 10 тыс. вайскоўцаў з сем'ямі, плошча аб'екта складзе каля 2,8 тыс. га, кошт будаўніцтва складае €2,5 млрд. Першы этап плануюць завяршыць у 2028-м.

Апошнія навіны