BE RU EN

«Казалі, што з-за майго TikTok яму міністр ноччу патэлефанаваў»

  • 6.10.2026, 8:57

Беларуска, якая выехала ў Літву, падзялілася сваёй гісторыяй.

У верасні гэтага года 37‑гадовая Анастасія прыняла для сябе паваротнае рашэнне: узяла дзяцей, сабрала рэчы і пераехала з Брэста ў Літву. Прычына — званок з мясцовага аддзялення міліцыі з просьбай прыйсці. Рэакцыя можа падацца занадта рэзкай, але сама жанчына з гэтым не згодная: год таму яе ўжо судзілі па адміністрацыйнай справе за «экстрэмізм». Начуўшыся пагрозаў сілавікоў тады, паўтараць гэты досвед яна не захацела. Анастасія распавяла «Зеркалу» пра тое, як цяпер сябе паводзяць сілавікі і за што могуць затрымаць.

«Табе дзяцей не шкада? Яны цяпер у дзіцячы дом, а ты — у турму»

Жывучы ў Беларусі, Анастасія разумела, што адбываецца ў краіне. Падзеі 2020-га назірала ўласнымі вачыма: у пратэстах не ўдзельнічала (была цяжарная малодшым дзіцем), але валанцёрствала каля Акрэсціна і бачыла, у якім стане адтуль выходзілі людзі.

Калі пратэсты сціхлі, беларуска працягнула жыць ужо ў Брэсце, выхоўвала дзяцей. Амаль увесь вольны час сыходзіў на іх — неўзабаве пасля нараджэння малодшага муж сышоў з сям'і. Думкі пра палітыку адышлі на другі план, і нават здагадкі, што па яе могуць прыйсці, не ўзнікала. Да сакавіка 2025-га.

Праўда, першапачаткова цікавасць сілавікоў да Анастасіі ўвогуле ніяк не была звязаная з палітыкай. Жанчына вяла гульнявыя стрымы, і на адзін з іх прыйшла беларуска з СМА і папрасіла сабраць ёй грошай «на касічкі» (гаворка пра прычоску, калі ўсе валасы заплятаюцца ў мноства дробных касічак. — Заўв. рэд.). Суразмоўніца адмовіла (усё ж такі запыт не першай неабходнасці), але вырашыла растлумачыць гледачам, што такое СМА і чаму прасіцелька не можа працаваць, параўнаўшы тую з «птушанём у яйку».

— Кажу: «Яна нічога не можа», — узгадвае Анастасія. — Вось такімі словамі казала, і тэма закрылася. А праз нейкі час мне тэлефануюць і кажуць, што яна (гаворка пра жанчыну з СМА. — Заўв. рэд.) напісала на мяне заяву аб абразе і трэба прыйсці даць паказанні. Я ўжо тады трошкі напружылася, бо дзіўна ўсё гэта выглядае. Але думаю: «Ладна». Прыйшла туды — следчы (ці хто са мной размаўляў, яны не тлумачылі) сказаў, што складу [злачынства] ніякага няма, нічога не будзе.

І папрасіў Анастасію пакінуць тлумачэнні, каб потым адпусціць. Але пасля, узгадвае жанчына, у кабінет зайшоў яшчэ адзін мужчына — і сітуацыя кардынальна змянілася.

— Пачынае мяне запалохваць: «Ты, а хто табе даў права?» Нібыта і абразы гучалі, дакладна не памятаю, бо ў шоку сядзела. Яны ведалі, што ў мяне дзеці (тады ім было чатыры і восем) дома засталіся адны — я думала, што выйшла на паўгадзіны максімум, аддзяленне знаходзілася ў суседнім двары. І ён пачаў пагражаць: «Табе дзяцей не шкада? Яны цяпер у дзіцячы дом, а ты — у турму. Усё, давайце, канфіскуйце ў яе тэлефон, тэхніку». Нібыта мяне ўжо арыштавалі і асудзілі. «Зараз мы цябе пасадзім, а там клопы», «Вось ты тут такая ўся прыгожая сядзіш, а выйдзеш ужо зусім іншая», — казаў нешта ў такім духу.

У той момант, успамінае Анастасія, яна ўвогуле не разумела, што адбываецца: нібыта толькі што казалі, што зараз адпусцяць, а ўжо надзелі кайданкі і павялі ў камеру ў РАУС. Колькі менавіта жанчына правяла там, яна дакладна не памятае. Увесь гэты час у яе прасілі даць доступ да тэлефона.

— А я не згаджалася, бо былі розныя падпіскі, зразумела. І я разумела, што калі дам доступ, то ўсё, мне хана. Але ў нейкі момант яны ўсё ж перагаварылі мяне: «Мы цябе адпусцім, артыкул маленькі намалюем, толькі дай доступ». А я разумею, што ў мяне дзеці дома адны і трэба нешта з гэтым рабіць. І я згадзілася, — узгадвае яна.

Далей, паводле слоў Анастасіі, сілавікі пачалі глядзець яе перапіскі ў Telegram, правяраць лайкі ў Instagram і гэтак далей. Усё ўбачанае каментавалі: «Нельга так рабіць, нельга, вы што? Гэта артыкул».

— Я кажу: «Дык там жанчына распавядае пра тое, што ёй цяжка жывіцца, што ў яе дзіця з інваліднасцю, ёй збіраюць грошы». — «Нельга, гэта артыкул», — пераказвае дыялог суразмоўніца.

Праз нейкі час, успамінае жанчына, яна не вытрымала: «бяседа» зацягвалася, дзеці ўсё яшчэ былі адны. Тады яна папрасіла патэлефанаваць падрузе, каб тая прыгледзела за імі, — тэлефон далі. Але перад тым, як аддаваць яго назад сілавікам, Анастасія заблакавала экран — і зноў адмовілася называць пароль. Тым больш што за дзяцей ужо была спакойная.

— Яны зразумелі, што пралічыліся ў гэты момант, даўшы мне тэлефон. Можа, той, хто дазволіў патэлефанаваць, потым па шапцы атрымаў (але я гэтага ўжо не ведаю), — распавядае яна. — І вось сяджу зноў у гэтай клетцы, яны заходзяць перыядычна і палохаюць, што пасадзяць. А потым заходзіць нехта ў пагонах (не ведаю, новы ці не, бо там вельмі шмат людзей змянялася) і кажа: «А давайце сябраваць?» Я сяджу і проста не разумею: ты жартуеш цяпер ці не? А ён такі: «Ну, усё, мы вас адпусцім, мы ўсё пачысцім».

Пасля гэтага Анастасію сапраўды адпусцілі, толкам нічога не патлумачыўшы і не выдаўшы ніякіх дакументаў. Што гэта было, яна так і не зразумела, прызнаецца беларуска.

«Клічуць па імені, павярнулася — за рукі хапаюць і пхаюць у машыну»

Далей некалькі месяцаў беларуску не чапалі — здавалася, адбылося непаразуменне. Але ў жніўні 2025-га раздаўся званок — на тым баку была міліцыя. Ёй сказалі, што ўладальніца дома, які беларуска раней здымала, напісала на яе заяву з-за зніклай тэхнікі і трэба тэрмінова з'явіцца ў аддзяленне. Зрабіць гэта адразу жанчына не магла, пра што і сказала па тэлефоне — у адказ замест тлумачэння пачула пагрозы.

— Я вельмі спалохалася, памятаючы, што адбывалася вясной. Вырэшыла, што, напэўна, можа дапамагчы, калі я зараз запішу відэа ў TikTok, што вось такая сітуацыя, што мяне прэсуе міліцыя і мне кажуць, што мяне пасадзяць, — распавядае Анастасія. — Ужо на наступны дзень мне зноў патэлефанавалі з брэсцкай міліцыі і сказалі, што я заўтра павінна з'явіцца. Кажу: «Добра, я прыеду, без праблем».

На наступны дзень раніцай жанчына зайшла ў краму, а пасля гэтага планавала ехаць у аддзяленне. Ні тое, ні другое зрабіць не атрымалася:

— Ужо заходзячы ў краму, чую, як клічуць па імені і прозвішчы. Паварочваюся — і мяне проста за рукі хапаюць і пхаюць у машыну. Я спрабую неяк адхіліцца, прашу патлумачыць, хто яны (бо людзі былі не ў форме, і машына таксама без распазнавальных знакаў). То бок нібыта лагічна, што гэта міліцыянеры, але я ж зусім не ведаю, хто яны такія. Кажу: «Можна прадставіцца?» Ён: «Мы нічога не абавязаны», і ўсё ў такім духу.

Пасля гэтага Анастасію пасадзілі ў машыну і надзелі ёй кайданкі. Некаторы час нікуды не ехалі, а акно было адкрытае. У той момант, успамінае беларуска, яна ўвогуле не разумела, што адбываецца: ці то яе цяпер адвязуць і пасадзяць, ці то «увогуле заб'юць».

— І я думаю: трэба нешта рабіць. Побач якраз стаяў ларок з гароднінай, у якім я часам нешта купляю, прадаўшчыца мяне ведае. А я сама па сабе невялікая, думаю: цяпер паспрабую ў гэта акенца высунуцца і пакрычаць. Можа, атрымаецца нешта зрабіць, — распавядае беларуска. — Вылезаю, а адзін з тых, хто ў машыне сядзеў, мяне за ногі схапіў і спрабуе назад запіхнуць. Я пачынаю крычаць: «Людзі, дапамажыце!» Вось гэта жанчына з ларочка падышла: «Што вы робіце?» Дык яны ёй пасведчанне і паказалі.

«Штосьці ты фільмаў пераглядзела. Гэта табе не Амерыка. Тут такога не будзе»

На гэтым спроба «ўцёкаў» Анастасіі скончылася, і яе адвезлі ў аддзяленне. Там беларуска, ужо падрыхтаваўшыся, патрабавала магчымасці патэлефанаваць адвакату, на што ўвесь час атрымлівала адзін і той самы адказ: «Потым патэлефануеш».

— Пасля таго як ужо завялі ў кабінет, я апошні раз спытала: «Калі вы мне дасьце магчымасць патэлефанаваць адвакату?» І нейкі міліцыянер (быццам начальнік) кажа: «Штосьці ты фільмаў пераглядзела. Гэта табе не Амерыка. Тут такога не будзе». І тут я зразумела, што патэлефанаваць не дадуць, — распавядае яна. — Першапачаткова ж мяне выклікалі з-за той заявы, але ўжо аказалася, што справа ў тым TikTok, які я выставіла за дзень да гэтага. Мне так проста і сказалі: «Вось, тваё відэа дайшло да нейкага міністра, і вось ён мне а чацвёртай раніцы патэлефанаваў». Ну не такімі словамі, канечне. Ён проста раў: «Вось, з-за цябе мне патэлефанавалі, вычытвалі». Маўляў, калі б не гэтае відэа, ніхто б мяне не чапаў. Але не ведаю, наколькі гэта праўда.

Выказаўшы сваё абурэнне, сілавікі вырашылі папрацаваць над аднаўленнем рэпутацыі — Анастасіі было сказана запісаць другі ролік з абвяржэннем.

— Я кажу: «Слухайце, вы разумееце, што людзі не дурныя, яны ж бачаць і ўсё разумеюць». Але яны такія: «Вось нам трэба». І сказалі, што пасля гэтага адпусцяць (а ў мяне дзеці дома, я ж проста ў краму ішла), — распавядае жанчына. — Тым больш што яны зноў пра дзяцей пачалі казаць — для іх гэта наогул норма, як я разумею. Пыталіся: «А на дзяцей увогуле напляваць, так?», «Табе зусім усё роўна на дзяцей?», «Ой, бедныя дзеці, гэта ж трэба, такая маці». Потым яшчэ «супакойвалі»: «Ну нічога, пра іх паклапоцяцца, не перажывайце. У нас цяпер добрыя дзіцячыя дамы». Таму я згадзілася.

На старонцы суразмоўніцы ў TikTok захаваўся ролік, дзе яна кажа, што супрацоўнікі міліцыі «паводзяць сябе цалкам выдатна, ніхто не прэсуе», а «ніякіх пагроз не паступала». Праўда, пасля гэтага жанчыну не адпусцілі, як абяцалі, — у яе тэлефоне знайшлі паведамленне з відэа аднаго з «экстрэмісцкіх» каналаў, якое яна пераслала знаёмаму. Гэткага аказалася дастаткова, каб абвінаваціць Анастасію ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».

— Мне сказалі: «Да суда пасядзіш, а там ужо што суддзя вырашыць». Гэта было ў аўторак, і да пятніцы я была ў ізалятары. Сітуацыя наогул стрэсавая: я ў турме, што з дзецьмі — незразумела, патэлефанаваць не даюць. Яшчэ была ў зусім лёгкім адзенні, уначы ад холаду зубы стукалі, — успамінае яна. — Яшчэ і пастаянна будзяць, спаць толкам не можаш. Стан быў жудасны, я ўвесь час плакала, думала, што мае дзеці могуць апынуцца ў дзіцячым доме проста з-за нейкай незразумелай сітуацыі. Я ж нічога не зрабіла.

У пятніцу Анастасію адвезлі ў суд — там прызналі вінаватай па арт. 19.11 КаАП і далі штраф у 420 рублёў. Акрамя таго, у жанчыны канфіскавалі тэлефон як «сродак учынення правапарушэння». З-за гэтага нават не было магчымасці патэлефанаваць. Выратаваў канваір — Анастасія набрала падрузе з яго тэлефона і ўздыхнула з палёгкай, даведаўшыся, што тая забрала дзяцей да сябе. Пра тое, дзе была мама, малышам расказалі толькі нядаўна, ужо калі ўсе выехалі з краіны.

— Калі я выйшла, усе мне казалі: «Ды не можа такога быць, каб цябе затрымалі», — успамінае яна. — Але вось так. Я не ведаю, чаму яны гэта зрабілі. Можа, проста так запалохваюць.

Паводле арт. 6.6 КаАП жанчын з непаўналетнімі дзецьмі не могуць затрымліваць на «суткі». Пакінуць Анастасію ў ІВС сілавікі маглі толькі з парушэннем закона: напрыклад, зрабіць выгляд, што яна не паведамляла пра дзяцей. Альбо фармальна затрымаць яе па крымінальнай справе, а пасля перакваліфікаваць яе.

Пасля выхаду на суразмоўніцу навалілася мноства бытавых праблем: трэба было з'ехаць са здымнай кватэры, якую якраз прадалі, заплаціць штраф і суму за «пражыванне» ў ІВС, набліжаўся навучальны год. З-за гэтага ў момант нават не было часу асэнсаваць тое, што адбылося, і пашкадаваць сябе пасля перажытага.

— Пры гэтым за гэты «санаторый» я вырашыла адразу не плаціць. У мяне ёсць былы муж, у якога даўгоў — вышэй за дах, і ніхто нічога не робіць. Вось я і думаю: «Буду плаціць там па пары капеек у месяц, і ніхто мяне не будзе чапаць, як і былога». Праходзіць, напэўна, тыдні тры пасля суда, і мне тэлефануюць з АПІ: «Добры дзень. А вы збіраецеся плаціць ці не?» Маўляў, «з вашым артыкулам нельга так», і, калі не заплаціце, заблакуюць рахункі, нешта такое.

«Паказушна — так, усё спакойна. Але за фасадам незразумела, што адбываецца»

Хоць Анастасія заўсёды разумела, якая ў краіне абстаноўка, пасля другога візіту ў міліцыю страху ў паўсядзённым жыцці стала значна больш. Даходзіла да таго, што выпадкова сустрэчны ў краме чалавек у форме выклікаў дрыжыкі і паніку.

— А яксьці мы з дзецьмі выйшлі з пад'езда, і там стаяў бусік з надпісам «102». Старэйшы пытаецца: «А што гэта?», а я стаю і баюся, — успамінае яна. — І так пастаянна: выходзіш з пад'езда і перажываеш, што зараз нешта адбудзецца. Здаецца, глядзіш па баках — усё нармальна. Але ў той жа час разумееш, што проста за лайк могуць пасадзіць. Вакол нейкая паказуха, я б сказала. Паказушна — так, усё спакойна. Але за фасадам незразумела, што адбываецца.

Гэтым летам Анастасіі зноў патэлефанавалі з міліцыі. На гэты раз нібыта як сведцы па справе аб жорсткім абыходжанні з жывёлінай. Пра што ідзе гаворка, жанчына нават не зразумела, нічога падобнага не бачыла. Спалохаўшыся, што ўсё абернецца, як мінулы раз, сказала, што цяпер не ў Брэсце, — і пачала рыхтавацца да ад'езду.

— Бо было незразумела, чым усё скончыцца і што ад мяне хочуць, — тлумачыць яна сваё рашэнне. — Я яшчэ ў тым годзе хацела гэта зрабіць, але, відаць, маральна не была гатовая. Выйшла пасля суда і такая: «Ну ўсё, больш ніхто мяне чапаць не будзе». Так сябе супакойвала.

Але пасля раптоўнага званка ад сілавікоў зноў стала страшна. Даходзіла да таго, што беларуска баялася сама шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра дакументы для эміграцыі, пра тое, як уладкавацца на новым месцы. Прасіла сяброў за мяжой рабіць гэта — і яны ўжо дасылалі ёй усё праз мэсэнджары.

— Ты не разумееш, як працуе гэтая сістэма, могуць цябе нейк знайсці ці не могуць. Таму, прачытаўшы ўсё, адразу выдаляла, — тлумачыць яна. — Увогуле, недзе месяц-два ў мяне было на зборы. Рэчаў я амаль не брала: вырашыла, што чым менш мы ўсяго возьмем, тым лепш — менш падазрэнняў і ўвагі на мяжы. Адзінае — сабрала ўсе дакументы, закрыла справы.

У сярэдзіне верасня Анастасія з двума дзецьмі перасекла мяжу — і ўжо крыху абжылася ў Літве.

— Было вельмі страшна наважыцца. Але цяпер гляджу — столькі чатаў эмігрантаў, дадалася, як прыехала. І людзі пішуць: «Звяртайцеся, з рэчамі дапаможам», з бытавой тэхнікай, проста на каву схадзіць клічуць, маральна падтрымліваюць. Пакуль яшчэ шок, трэба прывыкнуць, разабрацца з дакументамі — і вось тады ўжо пачнецца жыццё.

Апошнія навіны