Месі правёў апошні матч за зборную Аргенціны
- 7.10.2026, 8:30
Капітан прыняў удзел ва ўсіх трох галях каманды.
Ліянэль Месі правёў апошні матч у складзе зборнай Аргенціны. Легендарны капітан дапамог камандзе ўпэўнена перамагчы Бенін у таварыскім паядынку і пакінуў яскравы след у сваёй развітальнай гульні.
Пра гэта паведамляе Sport RBC.UA.
Аддаў партнёрам і забіў сам
У ноч з 6 на 7 кастрычніка паводле мінскага часу Аргенціна на стадыёне «Монументаль» у Буэнас-Айрэсе сустрэлася з Бенінам у таварыскім матчы.
Гаспадары поля ўпэўнена перамаглі з лікам 3:0, а галоўнай дзеючай асобай сустрэчы стаў Месі.
Капітан аргентынцаў прыняў непасрэдны ўдзел ва ўсіх трох выніковых атаках сваёй каманды. Спачатку 39-гадовы футбаліст двойчы асіставаў партнёрам — Нікаласу Атамэнды і Ніко Пасу.
У другім тайме надышла чарга самога Месі. Легендарны нападнік рэалізаваў пенальці і паставіў кропку ў матчы.
Таварыскі матч
Аргенціна – Бенін – 3:0
Галы: Атамэнды, 48, Пас, 61, Месі, 71 (з пенальці)
Сімвалічнае развітанне з нацыянальнай камандай
Сустрэча з Бенінам стала апошняй для Месі ў складзе зборнай Аргенціны. Сімвалічна, што на дзясятай хвіліне паядынак спынілі на адну хвіліну — у гонар футбаліста, які на працягу ўсёй кар’еры выступаў пад знакамітым нумарам 10.
Гульцы Беніна ў гэты момант падышлі да Месі, каб паціснуць яму руку, а трыбуны «Монументаля» віталі капітана авацыямі.
Вялікая спадчына легендарнага капітана
Месі дэбютаваў у складзе «альбіселестэ» ў 2005 годзе. За гэты час ён устанавіў каласальныя рэкорды і заваяваў усе магчымыя трафеі. На яго рахунку 208 праведзеных матчаў, 126 забітых галоў і 69 выніковых перадач.
Разам са зборнай Аргенціны Месі заваяваў «золата» Алімпіяды-2008, выйграў чэмпіянат свету-2022 і двойчы падымаў над галавой Кубак Амерыкі (у 2021 і 2024 гадах).