Вынайдзены робат, які ўмее лятаць, ныраць і слізгаць па вадзе
- 7.10.2026, 12:26
Яго назвалі ALBATROSS.
Звычайна робаты добра арыентуюцца толькі ў адным асяроддзі або стыхіі. Спецыялісты з Сінгапурскага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну вынайшлі больш універсальную прыладу: яна натхнёная рознымі жывёламі і раслінамі, піша «Нож».
Робата назвалі ALBATROSS: гэта абрэвіятура, якая даслоўна расшыфроўваецца як «паветраны планёр з плавучым самакручальным ветразевым сэнсарам». Апарат важыць крыху больш за кілаграм, а яго дзеяннямі кіруюць усяго тры прывады і тры асноўныя датчыкі.
Галоўная ідэя вынаходства ў тым, што жорсткія канечнасці робата могуць функцыянаваць у двух рэжымах. Інжынеры паведамляюць, што ў паветры «лапы» ALBATROSS ператвараюцца ў крылы, а на вадзе яны раскрываюцца, як ветразі.
Паводле слоў аўтараў распрацоўкі, прынцыпы падзення і тармажэння яны падгледзелі ў насення клёну: робат не падае ўніз, а закручваецца і круціцца, што моцна зніжае хуткасць спуску. Пры гэтым форму ветразяў інжынеры пазычылі ў лебедзя-шыпуна, а хваставы плаўнік, які дапамагае рухацца супраць ветру на вадзе, — у рыб.
«Што робіць ABATROSS асабліва прыкметным, дык гэта ягоная прастата. Тыя ж жорсткія канечнасці, якія ён выкарыстоўвае для кручэння ў паветры, у вадзе ператвараюцца ў ветразі. Паколькі гэтыя кампаненты можна выкарыстоўваць па-рознаму, камандзе не давялося дадаваць дэталі, якія маглі б зламацца або павялічыць кошт распрацоўкі», — пішуць аглядальнікі з Popular Science.
Пасля прыводнення ALBATROSS можа аўтаномна ісці пад ветразем каля трох гадзін, выдаткоўваючы на гэта толькі палову зараду батарэі. На думку інжынераў, робат падыдзе для аддаленага маніторынгу марскіх зон пасля катастроф накшталт цунамі або разліваў нафты. Туды, дзе людзям або буйным судам дабірацца небяспечна, ALBATROSS зможа самастойна прыляцець, прыводніцца і збіраць даныя пра вільготнасць і перапады тэмпературы.
Вядома, у канструкцыі ёсць свой парог трываласці. Так, лёгкі корпус, які надае робату ўніверсальнасць, дрэнна спраўляецца з моцнымі хвалямі: хутчэй за ўсё, прылада не «выжыве» ў умовах шторму.