У Польшчы ствараюць медыцынскі ШІ, каб скараціць чэргі да лекараў
- 7.10.2026, 21:27
Новыя інструменты павінны паскорыць дыягностыку і павысіць эфектыўнасць лячэння.
Уроцлаўскі політэхнічны ўніверсітэт і Ніжнесілезскі цэнтр анкалогіі, пульманалогіі і гематалогіі пачынаюць сумесную распрацоўку польскіх мадэляў штучнага інтэлекту для медыцыны. Ініцыятыва прадугледжвае стварэнне бяспечных рашэнняў і іх пілотнае ўкараненне ў анкалогіі, перадае «Польскае радыё».
Распрацоўнікі спадзяюцца, што новыя інструменты дапамогуць скараціць чаканне прыёму, паскорыць пастаноўку дыягназу і палепшыць лячэнне. Як патлумачыў рэктар універсітэта, прафесар Аркадыюш Вуйс, ШІ павінен падтрымліваць лекара на ўсіх этапах аказання дапамогі пацыенту.
«Гаворка ідзе не толькі пра працу з мовай, як у чаце. Сістэма павінна таксама аналізаваць выявы, ведаць усё польскае заканадаўства, разумець, напрыклад, якія лекі даступныя ў Польшчы, якія адпускаюцца па рэцэпце, што даступна ў той ці іншай бальніцы, дзе працуюць патрэбныя спецыялісты, як працякаюць захворванні і якія ў іх сімптомы. То бок амаль усё, што цяпер лекару даводзіцца трымаць у галаве. Важна сабраць усё гэта разам, забяспечыць абарону і належную ананімізацыю дадзеных, каб дапамога пацыентам стала больш эфектыўнай», — сказаў прафесар Вуйс.
Першай задачай праекта стане падтрымка пацыентаў з ракам лёгкіх. Дырэктар Ніжнесілезскага цэнтра анкалогіі, пульманалогіі і гематалогіі, прафесар Адам Мацейчык адзначыў, што першыя спробы прымянення штучнага інтэлекту ў працы цэнтра ўжо прынеслі вынікі.
«Нам удалося павялічыць колькасць пацыентаў, якія хутчэй праходзілі гэты шлях і хутчэй траплялі да хірурга. Мы павялічылі колькасць праапераваных пацыентаў і, у выніку, павысілі іх выжывальнасць», — паведаміў ён.
Прафесар Мацейчык падкрэсліў, што ўдзел у праекце дазваляе польскім лекарам самім ствараць новыя інструменты з улікам патрэбаў медыцынскай практыкі, замест таго каб прыстасоўвацца да рашэнняў вонкавых пастаўшчыкоў.
Першыя вынікі праекта чакаюцца ў тэрмін ад некалькіх месяцаў да больш як года. Агульны кошт распрацоўкі пакуль складана ацаніць.