BE RU EN

«Еўрапейцы дакладна ведаюць, хто такі Лукашэнка»

  • 8.10.2026, 9:37

Спецслужбы дыктатара ладзяць дыверсіі паводле савецкіх метадычак.

Інцыдэнт, які адбыўся на беларуска-латвійскай мяжы з удзелам мігрантаў і ўзброеных людзей у масках, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі, пашкодзілі абсталяванне і вярнуліся туды ж да прыбыцця памежнікаў, уздымае пытанні: дзе насамрэч праходзяць чырвоныя лініі, як ацэньваць падобныя правакацыі і якой можа быць рэакцыя Еўропы на іх.

— Гэта дыверсія, а дыверсіі ладзяць і дзяржаўныя службы, — кажа гісторык і палітолаг Роза Турарбекова ў эфіры «Еўрарадыё». — Яны вучацца гэтаму (думаю, ужо навучыліся) у тых жа расіян. Ды і самі з вусамі — у нас жа інстытут КДБ нікуды не дзяваўся, а яшчэ старыя савецкія метадычкі гэтаму вучылі.

Іншая справа, што раней яны, магчыма, стрымліваліся, бо хацелі падтрымліваць добрасуседскія адносіны. А сёння — робяць усё для таго, каб аказаць ціск на ўрады Латвіі і Літвы, каб тыя пайшлі тым самым шляхам, што, напрыклад, польскі ўрад. То бок пайшлі на дыялог і настойвалі на зняцці санкцый з Беларусі, каб пераадолець транспартную ізаляцыю.

Увогуле дыверсіі маюць шматмэтавы характар. Тут можна ўбачыць у тым ліку гібрыдныя атакі супраць краін-членаў НАТА, у якіх зацікаўленая РФ: каб усё больш увагі і рэсурсаў адцягваць на ўсходнюю мяжу НАТА, а ўсё менш заставалася рэсурсаў і дапамогі Украіне.

Ці азначае гэта, што Еўропа прайграе Лукашэнку, што беларускі калій усё ж паедзе ў Клайпеду, а пасажырскія цягнікі — у Варшаву?

— Пачакайце, пакуль яшчэ нічога не паехала, — спыняе песімістаў Турарбекова, — і Еўропа яшчэ не прайграе. Але калі так здарыцца — гэта, канешне, праз тое, што няма адзінства паміж ЗША і Еўропай. Відавочна, што ЗША вядуць сваю гульню і ў адносінах з Лукашэнкам, і ў адносінах з РФ, і з Украінай. І розніца ў падыходах Штатаў і ЕС павялічваецца.

Але ўсё ж давайце паглядзім, што будзе далей. Бо тыя санкцыі, якія прымаліся супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку па каліі, — прымаліся менавіта ЕС. І каб іх зняць, патрэбная вельмі складаная працэдура. Лічу, што не варта бегчы наперадзе паравоза ў прагназаванні таго, чым усё гэта скончыцца.

Да таго ж ёсць мноства дадатковых фактараў. Еўропа зацікаўленая ў спыненні агню ва Украіне. А з іншага боку, перад Еўропай стаіць нямала іншых выклікаў, маю на ўвазе выбары, прыход правых радыкалаў да ўлады, перадусім у Германіі. То бок шмат усяго. Але Еўропа ўсё яшчэ трымаецца і не адменяе санкцыі.

Пакуль <�размовы пра беларускі калій> — гэта ўсе хацелкі і жаданні. Але жаданні адно, а рэчаіснасць зусім іншая. У еўрапейцаў няма ніякай матывацыі верыць Лукашэнку, а давер у міжнароднай палітыцы з’яўляецца адной з найважнейшых рэчаў.

У дыскусіях пра тое, ці можам мы вярнуцца, умоўна, у 2019 год, адказ адназначны: не можам.

Палякі, якія пачалі так званую «лёгкую адлігу», Лукашэнку не вераць. У іх свае інтарэсы, ім трэба, каб амерыканцы стварылі ваенную базу на тэрыторыі Польшчы, каб было менш атак і тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўвалася Расіяй. Але пры ўсім гэтым яны дакладна ведаюць, хто такі Лукашэнка.

Таму і падыходзяць так сціпла <�да дыялогу з Мінскам>. Шмат што, напэўна, адбываецца за кулісамі, але пакуль бачных сур’ёзных вынікаў няма. Толькі размовы і кансультацыі. Але, прынамсі, на беларуска-польскай мяжы пакуль такой дзікасці не адбываецца, як на беларуска-латвійскай.

Не выключаю, што гэта была спецыяльная дэманстрацыя, каб Латвія зразумела, якім шляхам «трэба ісці».

Хоць, калі ўзгадаць, як рэагавалі на міграцыйны крызіс каля сваіх межаў Польшча і Літва: адны пабудавалі высокія платы, другія хочуць мініраваць падступы (нагадаем, у канцы 2025 года Літва выйшла з Оттаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін — рэд.). А для Латвіі мяжа застаецца слабым месцам, бо ў яе няма такіх рэсурсаў, як у іншых краін, і на самой мяжы інфраструктура развіта не вельмі добра.

Апошнія навіны