ЗСУ ўзялі ў палон наёмніка з беларускім пашпартам
- 8.10.2026, 11:11
У палон ён трапіў непасрэдна пад Ліманам.
Праект «Хачу жыць» пагутарыў з вайскоўцамі 20-й і 25-й агульнавайсковых армій Расіі, якія трапілі ў украінскі палон падчас баёў на гэтым напрамку. Сярод іх — беларус Юрый Баран.
Ён вырашыў падпісаць кантракт з расійскай арміяй з-за таго, што на заводзе, дзе ён працаваў, не было працы. Якое менавіта гэта прадпрыемства, Баран не ўдакладняе.
Пра ўмовы на фронце беларус найперш узгадвае ў сувязі з перабоямі з забеспячэннем. Паводле яго слоў, улетку стаяла моцная спякота, а вады катастрафічна не хапала.
У палон Баран трапіў непасрэдна пад Ліманам. Паводле яго слоў, яго групе з пяці чалавек паставілі задачу прабрацца ў горад і дачакацца там іншую групу. Каб зменшыць рызыку, яны вырашылі рухацца па адным. Беларус пайшоў першым.
«Я зайшоў у горад Ліман і ўжо сядзеў, чакаў асноўную групу. Група да мяне не дайшла. Усе ў лесе засталіся. Усе загінулі», — успамінае Баран.
Пра гібель таварышаў-акупантаў ён даведаўся не адразу і яшчэ пэўны час працягваў чакаць іх у горадзе. Тым часам месца, дзе ён знаходзіўся, пачалі абстрэльваць дронамі, артылерыяй і мiнамётамі з украінскага боку.
Баран вырашыў сысці з небяспечнага месца, перайшоў чыгуначную дарогу і знайшоў іншае сховішча ў горадзе. Пазней, перабіраючыся паміж сховішчамі, ён сутыкнуўся з украінскімі ваеннымі. Тыя прапанавалі яму здацца, калі ён хоча жыць, і, як прызнае Баран, выснова была відавочная.
Паводле яго слоў, украінскія салдаты паставіліся да яго па-людску: яго кармілі, а курцоў нават забяспечвалі цыгарэтамі.
Сваю гісторыю беларус завяршае развагамі пра тое, наколькі расійскія ваенныя ўвогуле разумеюць, куды і навошта іх адпраўляюць.
«Іду туды, не ведаю куды. Так, відаць, большая частка [расійскіх] салдат і ідзе», — адзначае ён.