Адміністрацыя гомельскай ВНУ выпадкова зліла фота сакрэтнага аб’екта
- 8.10.2026, 11:22
Вайсковы гарадок трапіў на кадры ідэолагаў БелГУТа.
Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту апублікавала на сваіх рэсурсах фота, на якім «Флагшток» упазнаў сакрэтны аб’ект, які цяпер узводзяць у Гомельскім раёне.
Ідэолагі хацелі паказаць, як выкарыстоўваецца неаплатная праца студэнтак-«актывістак» БелГУТа. Яны распісвалі інтэр’еры для ААТ «Гомельскі дамабудаўнічы камбінат». Пры гэтым будоўлю назвалі проста «аб’ектам». Як раней высветлілі журналісты, у дакументах дзяржзакупак «аб’ектам» часцей за ўсё называюць будоўлю вайсковага гарадка ў Гомельскім раёне каля вёскі Прыбор, і заказчыкам па ім часта выступае той жа дамабудаўнічы камбінат.
На здымках паказаныя вынікі працы студэнтак: роспіс сцен. На адным са здымкаў ёсць шырокае акно з прыкметным краявідам з жалезабетонных каркасаў на фоне сасновага лесу. У Гомельскай вобласці не так шмат будоўляў, якія па знешнім выглядзе нагадваюць будаўніцтва вайсковага гарадка Сіл спецыяльных аперацый Беларусі.
Найбольш верагодна, здымак зроблены ў будынку з функцыямі сацкультбыту вайсковага гарадка (на спадарожнікавым здымку ён пад жоўтым дахам).
Фота сведчыць аб высокай ступені гатоўнасці ключавых пабудоў вайсковага гарадка, а таксама аб тым, што маштабнае будаўніцтва працягваецца.