Для аўтаўладальнікаў у Беларусі маюць намер павысіць падаткі
- 8.10.2026, 13:29
Так могуць змяніцца стаўкі.
У Беларусі маюць намер павысіць стаўкі транспартнага падатку. Гэтыя планы закранаюць як фізасоб, так і юрасоб. Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2027 год.
Сума транспартнага падатку залежыць ад дазволенай максімальнай масы, умяшчальнасці і ўстанаўліваецца за адну адзінку транспартнага сродку.
Напрыклад, за аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай да 1,5 тоны цяпер трэба плаціць 75 рублёў у год, а маюць намер павысіць да 80 рублёў. Рост — на 6,7%.
Калі звестак аб дазволенай максімальнай масе няма, падатак разлічваецца на ўзроўні мінімальнай стаўкі для адпаведнага тыпу транспартнага сродку.