У Мінску каля школы гуляў журавель з «Чырвонай кнігі»
- 8.10.2026, 13:39
Відэафакт.
Шэрага журавя заўважылі ў двары школы №53 на вуліцы Бяды. Паводле слоў арнітолага, гэта маладая птушка, якая адбілася ад бацькоў падчас восеньскай міграцыі.
Відэа з журавлём каля школы мінчанка апублікавала ў Threads. Птушка спакойна хадзіла па школьным двары.
Глядзець у Threads
Арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі у каментары для smartpress.by заявіў, што журавель з’явіўся на свет сёлета: у яго яшчэ няма характэрнай чырвонай плямы на галаве.
«Ён проста адбіўся ад бацькоў і ад зграі», — патлумачыў спецыяліст.
Паводле слоў Вінчэўскага, птушка не траўмаваная і здольная лётаць, таму дапамога людзей ёй не патрэбная. Журавель зможа выбрацца з горада і далучыцца да іншай зграі. Актыўны пералёт гэтых птушак працягваецца да лістапада.
Арнітолаг раіць не лавіць і не падкормліваць журавя, каб не прывучаць яго да людзей.
Шэры журавель занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.