Еўразвяз зняў санкцыі з мільярдэра, які абяцаў здрадзіць Лукашэнку
- 8.10.2026, 16:25
Гуцерыеў хацеў прадаць ФБР сакрэты беларускага дыктатара.
Еўразвяз выключыў расійскага мільярдэра Міхаіла Гуцерыева і беларускага прадпрымальніка Віктара Шаўцова з санкцыйнага спісу ЕС, у які яны трапілі за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла «Радыё Свабода». Прычынай сталі перамогі бізнесменаў у судах, пасля якіх у Бруселі не знаходзяць юрыдычных падстаў для захавання абмежаванняў.
Першапачаткова Гуцерыеву не ўдавалася абскардзіць санкцыі. У верасні 2023 года Агульны суд ЕС адхіліў яго іск, а ў маі 2025 года Суд Еўрасаюза адмовіў у задавальненні апеляцыі. Аднак у кастрычніку 2025 года суд ануляваў рашэнні за 2024 год, а 13 мая 2026 года — рашэнне аб падаўжэнні санкцый ад лютага 2025 года. Суд прыйшоў да высновы, што Рада ЕС не прадставіла дастатковых даказаў таго, што Гуцерыеў працягваў падтрымліваць Лукашэнку або атрымліваць выгаду ад сувязяў з яго рэжымам.
Гуцерыеў упершыню трапіў пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года. Еўрапейскія ўлады называлі яго сябрам Лукашэнкі. Сярод падстаў для абмежаванняў называліся інвестыцыі бізнесмена ў Нежынскі горна-абагачальны камбінат, а таксама яго прысутнасць на інагурацыі Лукашэнкі ў верасні 2020 года.
Адзначым, чэшскія выданні Denik N і Respekt са спасылкай на засакрэчаныя дакументы чэшскай паліцыі і спецслужбаў высветлілі, што расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцерыеў у 2022 годзе спрабаваў прадаць сакрэты Лукашэнкі і Пуціна Федэральнаму бюро расследаванняў (ФБР) ЗША ў абмен на зняцце з яго і яго бізнесу заходніх санкцый.
Пасярэднікамі ў таемных перамовах выступалі чэшскія спецслужбы і падвойны агент з Грузіі, які ўладкаваўся ў Нацыянальны цэнтр па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Празе (NCOZ) і цяпер знаходзіцца пад следствам.
Як паведамляюць чэшскія выданні, супрацоўнік спецслужбаў з Грузіі (называюцца толькі яго ініцыялы — Л. Г.) дапамог Гуцерыеву двойчы сустрэцца з прадстаўнікамі ФБР пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Алігарх прапаноўваў амерыканцам інфармацыю пра планы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і прасіў узамен зняць з яго заходнія санкцыі. Здзелка ў выніку не адбылася, і санкцыі з мільярдэра так і не знялі.