Ozon хаваецца ў Беларусі
- 8.10.2026, 16:37
Маркетплэйс адкрыў яшчэ два лагістычныя цэнтры ў нашай краіне.
Расійскі маркетплэйс Ozon, склады якога сталі аб'ектамі ўдараў Узброеных сіл Украіны, у кастрычніку 2026 года адкрыў у Беларусі два новыя лагістычныя цэнтры агульнай плошчай 38,1 тысячы квадратных метраў. Пра гэта паведаміла агенцтва нерухомасці Result Estate, піша Primepress.by.
Новы лагістычны цэнтр Ozon у Балбасаве Аршанскага раёна займае 26 тысяч квадратных метраў. Ён ужо пачаў працу: з 5 кастрычніка прымае пастаўкі, а з 12 кастрычніка плануе пачаць адгружаць замовы.
Другі цэнтр плошчай 12,1 тысячы квадратных метраў размешчаны ў вытворча-складскім комплексе ў Мінску на вуліцы Гарэцкага. З 8 кастрычніка ён пачаў абслугоўваць лагістычныя патокі маркетплэйса.
Пасля адкрыцця гэтых двух аб'ектаў агульныя лагістычныя магутнасці Ozon у Беларусі выраслі больш як у два разы — прыблізна да 65 тысяч квадратных метраў.
Акрамя новых цэнтраў, інфраструктура Ozon у Беларусі ўключае хаб на арэндаваных плошчах транспартна-лагістычнага комплексу «Каралёў Стан» пад Мінскам, а таксама сартавальныя цэнтры ў Оршы, Гродне і Баранавічах.