У Ваўкавыскім раёне жанчына вырасціла гіганцкі агурок
- 8.10.2026, 17:28
Вага — 1400 грамаў.
Вялізны агурок «Дзядзя Сцёпа» вырас на агародзе ў аграгарадку Шылавічы Ваўкавыскага раёна, піша мясцовая раёнка «Наш час».
Агурок вырасціла Алена Іванаўна Белянінік на сваім прысядзібным участку.
Вясной жанчына пасеяла ў цяпліцы насенне гатунку «Дзядзя Сцёпа». Яна рэгулярна прапалвала градкі, палівала расліны і рыхліла глебу.
У выніку агуркі далі добры ўраджай, а самы вялікі з іх дасягнуў вагі 1400 грамаў.
Алена Іванаўна ўсё жыццё працавала ў мясцовай гаспадарцы, а цяпер на пенсіі. Праца на прысядзібным участку стала для яе любімай справай. На агародзе яна вырошчвае бульбу, памідоры, цыбулю, моркву і розныя віды перцу, якія даюць добры ўраджай.
На участку таксама растуць ягадныя кусты і пладовыя дрэвы. А каля дома жанчына вырошчвае мноства кветак, якія радуюць не толькі гаспадыню, але і ўсіх, хто праходзіць побач.