СМІ: Латвію на мяжы з Беларуссю атакавалі расійскія баевікі з групоўкі «Чорныя Русы»
- 8.10.2026, 22:07
Сталі вядомыя падрабязнасці зухаватай правакацыі.
Інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы, калі 6 кастрычніка узброеныя людзі ў масках суправаджалі групу мігрантаў колькасцю не менш як 20 чалавек, каб яны перайшлі на тэрыторыю Латвіі, выклікаў вялікі рэзананс. Больш таго, пасля гэтыя ўзброеныя людзі, якія, як высветлілася, належаць да расійскай ваенізаванай групоўкі «Чорныя Русы», праніклі на тэрыторыю Латвіі, зламаўшы памежнае абсталяванне. Цяпер Латвія плануе змяніць сваё заканадаўства, каб дазволіць памежнікам страляць па ўзброеных нападніках.
Пра тое, што стаіць за падзеямі на беларуска-латвійскай мяжы, карэспандэнт «Радыё Рацыя» Уладзімір Лапцэвіч гутарыць з украінскім ваенным журналістам Віктарам.
— Гэты інцыдэнт, які на гэтым тыдні адбыўся на латвійска-беларускай мяжы, калі ўзброеныя людзі ў масках паспрабавалі і, дарэчы, перасеклі мяжу і зламалі памежнае абсталяванне. Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга сцвярджае, што за гэтым інцыдэнтам стаіць Масква. Яго словы абгрунтаваныя? Вы з імі згодныя?
— Я б сказаў, што гэта падзея, якая адбылася на мяжы з Латвіяй, мае даволі структураваны ланцуговы характар. Мы ведаем, што такія падзеі адбываліся і раней — і на польскай мяжы, і на літоўскай. Але каб вось так групай у 20 чалавек прарываліся праз мяжу, ведаючы, што там знаходзяцца ўзброеныя памежнікі, — гэта выглядае занадта ярка і публічна.
Справа ў тым, што ўжо на наступны дзень адказнасць за гэты інцыдэнт узяло на сябе парамілітарнае фармаванне «Чорныя Русы». Мы сачылі за гэтым фармаваннем і працягваем сачыць. Хачу сказаць, што гэтая структура раней не прысутнічала ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. Але яе актыўнасць узрасла ў верасні гэтага года паралельна з інцыдэнтамі ў прыгранічных раёнах. І хачу адзначыць паказальны факт: дамен сайта так званых «Чорных Русаў» зарэгістраваны яшчэ ў 2014 годзе і абслугоўваецца расійскім хостынг-правайдарам «REG.RU».
Гэтыя парамілітарысты заклікаюць да збліжэння Беларусі, Украіны і Расіі пад лозунгам агульных каранёў або барацьбы з агрэсіўным Захадам. Але падобныя правакацыі мы памятаем яшчэ з 2021 года, калі адбыўся жорсткі штурм мігрантамі пункта пропуску «Кузніца — Брузгі» — гэта на польскай мяжы. Потым у 2023 годзе беларускі верталёт падчас вучэнняў заляцеў на тэрыторыю Польшчы ў раёне Белавежы. Пасля ў 2023–2024 гадах расійскія спецслужбы на беларуска-ўкраінскай мяжы пастаянна правакавалі ўкраінскіх памежнікаў прапагандысцкімі плакатамі і аўдыёзапісамі. Падобныя здарэнні адбываліся і на літоўскай мяжы.
І хачу сказаць, што гэтыя 20 чалавек, якія перасеклі латвійскую мяжу, паводле нашай інфармацыі, — гэта людзі са спецслужбаў, якіх потым закінуць у краіны Балтыі або іншыя краіны, і яны будуць выконваць задачы па загадах.
— Калі лічыць, што гэта была спецыяльная праверка рэакцыі Латвіі на парушэнне мяжы, дык ці годна яе вытрымалі латвійскія памежнікі?
— На самой справе пасля тых інцыдэнтаў з 2021 года, якія паслядоўна адбываюцца на межах краін Балтыі і на мяжы з Польшчай, краіны ў прынцыпе накіроўвалі свае войскі да мяжы. І сітуацыі вырашаліся ў адпаведнасці з законамі тых краін, куды спрабавалі пранікнуць так званыя нелегалы.
Такім чынам, спецслужбы прашчупваюць слабыя месцы мяжы і высвятляюць, як будзе рэагаваць ваенна-палітычнае кіраўніцтва той ці іншай дзяржавы. Таму хачу сказаць, што надалей краіны Балтыі будуць узмацняць свае межы і рыхтавацца да таго, што неўзабаве ў Беларусі зноў пачнуцца вучэнні АДКБ.
— Вы ўжо згадалі вучэнні АДКБ «Нерушнае братэрства — 2026», якія пачнуцца 12-га і закончацца 16 кастрычніка. Ці звязаныя гэтыя вучэнні нейкім чынам з інцыдэнтам на латвійска-беларускай мяжы?
— Тут зноў вымалёўваецца карціна паслядоўнасці ўсіх дзеянняў расійскіх спецслужбаў, што пачынаюцца з 2025 года, калі на баявое дзяжурства ў Беларусі заступілі падраздзяленні ракетных сістэм «Арэшнік». І ўжо ў лістападзе 2025 года камандуючы войскамі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Беларусі заявіў, што ў 2026 годзе адбудуцца вучэнні з выкарыстаннем гэтых спецыяльных войскаў.
Пытанне: чаму гэтыя войскі будуць браць удзел у такіх вучэннях? Пытанне рытарычнае, бо ёсць інфармацыя ад нашай разведкі і з адкрытых крыніц пра тое, што ў гэтых вучэннях прымуць удзел расійская авіяцыя, а таксама падраздзяленні беспілотных сістэм.
Відавочна, што гэтыя сілы, якія будуць выкарыстоўвацца падчас вучэнняў, маюць досвед удзелу ў вайне супраць Украіны. Таму гэты досвед яны будуць дэманстраваць на гэтых вучэннях. Але разам з тым, думаю, краіны НАТА будуць уважліва сачыць за тым, што будзе адбывацца падчас вучэнняў.