Расіяне масава рыхтуюцца з’ехаць у Беларусь на Новы год
- 9.10.2026, 1:34
Мінск упершыню апярэдзіў Маскву па колькасці браніраванняў на навагоднія святы.
Мінск і Гродна апынуліся аднымі з самых запатрабаваных гарадоў да Новага года сярод расійскіх турыстаў. Гродна і ўвогуле ўпершыню ўвайшло ў дзясятку самых запатрабаваных напрамкаў, сцвярджае медыя «Вячэрні Санкт-Пецярбург».
Мінск жа ўпершыню абагнаў Маскву па колькасці браніраванняў на навагоднія святы. Спецыялісты адносяць Мінск да топ-5 напрамкаў для святкавання Новага года сярод расіян. Цяпер адзначаюць і прыкметны рост цікавасці да Гродна. Попыт эксперты ацэньваюць як «ажыятажны».
Тройка лідараў выглядае так: Пецярбург, Мінск, Масква. Унутры краіны расіяне таксама аддаюць перавагу святкаваць Новы год у такіх гарадах, як Ніжні Ноўгарад, Казань, Яраслаўль і Кісловадск, Калінінград, Зялёнаградск.
Год таму ў Беларусі назіралася падобная карціна. На СТВ паведамлялі, што Гродна стала адным з самых папулярных гарадоў для адпачынку расіян у зімовыя святы.
Да канца лістапада былі выкуплены амаль усе квіткі на цягнік Масква—Мінск, а месцаў у цягніку Масква—Віцебск не засталося зусім. Напярэдадні снежня нумары ў атэлях і гасцініцах былі забраніраваныя амаль цалкам.