Сіноптыкі: Такім цёплым верасень бывае раз на 7–8 гадоў
- 9.10.2026, 9:27
Першы месяц восені парадаваў беларусаў надвор'ем.
Мінулы верасень быў непрывычна цёплым. Сярэдняя тэмпература паветра склала +13,9°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,2°С, паведамілі ў Белгідрамеце.
Такія і больш высокія значэнні сярэднямесячнай тэмпературы паветра ў першым месяцы восені рэгіструюцца ў нашай краіне прыкладна раз на сем-восем гадоў, адзначылі ў ведамстве.
Тэмпературны рэкорд месяца ўстанавіў Брэст, дзе ўдзень 9 верасня паветра прагрэлася да +31,5°С. Мінімальная тэмпература паветра была адзначана на станцыі Езярышча 29 верасня і склала +0,7°С.
За месяц у сярэднім па краіне выпала 72 мм ападкаў, што склала 134% кліматычнай нормы. Такі і больш вільготны верасень сустракаецца ў сярэднім раз на чатыры гады, расказалі ў Белгідрамеце.
Максімальная хуткасць ветру за месяц (20 м/с) зарэгістраваная 5 верасня на станцыях Слуцк і Наваградак.