У Пухавіцкім раёне ДАІ з ужываннем зброі спыніла вадзіцеля
- 1.11.2026, 14:54
Да гэтага нарад распачаў пераслед.
У вёсцы Сутын Пухавіцкага раёна супрацоўнікі ДАІ спынілі стрэламі па колах аўтамабіль, за рулём якога быў нецвярозы мужчына, раней пазбаўлены права кіравання, паведаміла МУС.
Паводле інфармацыі сілавікоў, у міліцыю паступіла паведамленне, што па вёсцы Сутын ездзіць Ford без рэгістрацыйных нумароў, а яго кіроўца, меркавана, п'яны. На месца выехаў нарад ДАІ.
Інспектары знайшлі аўтамабіль, падалі кіроўцу сігнал спыніцца, але ён яго праігнараваў і паехаў далей. Пачаўся пераслед.
Як сцвярджаюць у МУС, пасля папярэджанняў аб ужыванні зброі інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах.
За рулём апынуўся 32-гадовы мясцовы жыхар з прыкметамі алкагольнага ап'янення. Ад медасведчання мужчына адмовіўся. Раней яго ўжо пазбаўлялі права кіравання за аналагічнае парушэнне.
На вадзіцеля склалі дзесяць адміністрацыйных пратаколаў, ён у ізалятары часовага ўтрымання. Мужчыне пагражае крымінальная адказнасць за паўторнае на працягу года нецвярозае кіраванне. Ford канфіскуюць.