The Times: Пуцін губляе сувязь з рэальнасцю
- 1.11.2026, 17:08
Адзержымасць дыктатара РФ гісторыяй непакоіць нават ягонае акружэнне.
74-гадовы расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін спрабуе падзеямі далёкага мінулага апраўдаць сваю захопніцкую вайну супраць Украіны. Гэтае захапленне ператварылася ў сапраўдную адзержымасць, якая абярнулася вялікім крывапроліцем у цэнтры Еўропы.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле журналіста Марка Беннеттса у газеце The Times.
«З узростам многія людзі знаходзяць сабе новае захапленне. Адны пачынаюць займацца садоўніцтвам, другія вывучаюць замежныя мовы або ідуць у паходы. Пуцін — чалавек, які кіруе найбуйнейшым у свеце ядзерным арсеналам, захапіўся сярэднявечнай гісторыяй і тым, як, на яго думку, падзеі далёкага мінулага апраўдваюць яго жорсткае ўварванне Расіі ва Украіну», — гаворыцца ў артыкуле.
Перамоўшчыкі Захаду, якія спрабуюць пагаварыць з дыктатарам пра вайну і шляхі яе спынення, нязменна сутыкаюцца з вельмі доўгімі, часам шматгадзіннымі маналогамі пра печанегаў, Рурыкаў і іншыя падзеі вельмі далёкага мінулага. Альтэрнатыўную гісторыю кіраўнік Крамля выкарыстоўвае, каб пераканаць свет, што ён мае права на закабаленне Украіны. Гэтай долі не пазбеглі і кіраўнікі Фінляндыі і Нарвегіі, якія на гэтым тыдні размаўлялі з Пуціным па тэлефоне. Большую частку 90-хвіліннай размовы дыктатар РФ разважаў пра сярэднявечную гісторыю славян.
Паказальна, што ў 2021 годзе незадоўга да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў РФ адбылася даволі рэдкая падзея — апублікавалі вялікі артыкул Пуціна з красамоўнай назвай «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў». У ім ён, вольна трактуючы гістарычныя падзеі, адмаўляў існаванне ўкраінскай нацыі і гэтым фактычна рыхтаваў падмурак для вялікай вайны. Перад пачаткам так званай «СВА» тэкст артыкула зачытаў усім вайскоўцам расійскай арміі.
Вядома, што гістарычную лекцыю Пуцін спрабаваў чытаць і прэзідэнту ЗША Дональду Трампу на знакамітай сустрэчы ў Анкоріджы.
Нябяспечная адзержымасць Пуціна імкненнем выправіць тое, што ён лічыць гістарычнай несправядлівасцю ў дачыненні да Украіны, выклікае трывогу нават у Маскве.
«Раней ён заўсёды быў пры здаровым розуме, не губляў сувязі з рэальнасцю. А цяпер я ўжо не ведаю», — распавёў газеце The Times крыніца, блізкая да Крамля.
Крэмль перапісаў школьныя падручнікі гісторыі, каб прывесці іх змест у адпаведнасць з уяўленнямі Пуціна пра мінулае. Гэтым праектам кіруе экс-міністр культуры РФ і верны слуга дыктатара Уладзімір Мядзінскі, які вядомы тым, што публічна агаварыўся пра «адну дадатковую храмасому» ў расіян.
Мядзінскі ж раней узначальваў расійскія дэлегацыі на перамовах з Украінай.