Пасля папярэджання ЗША аб пагрозе тэракту ў «Царыцыне» затрымалі падлетка
- 1.11.2026, 20:51
Расіянін «спаліўся» ў сацсетках.
У Маскве затрымалі падлетка, які, паводле звестак ФСБ, публікаваў у TikTok пагрозы ўчыніць тэракт у музеі-запаведніку «Царыцына». Яго выявілі падчас праверкі інфармацыі, перададзенай амерыканскімі праваахоўнымі органамі, паведамляе РБК са спасылкай на расійскую спецслужбу.
Як сцвярджае ФСБ, непаўналетні расіянін выклаў свае фатаздымкі ў тактычным адзенні і ў балаклаве, з прадметам, падобным да аўтаматычнай зброі. Акрамя таго, ён апублікаваў здымкі з «Царыцына» з подпісам па-англійску: «Я знайшоў месца» (I found a place).
Праверку праводзілі супрацоўнікі ФСБ, Расгвардыі, МУС і Следчага камітэта РФ.
Па месцы жыхарства падлетка выявілі адзенне і аксэсуары з фатаграфій. У яго прыладах, паводле дадзеных ведамства, знайшлі ўліковы запіс TikTok, з якога размяшчаліся пагрозы, падпіску на неанацысцкі Telegram-канал і шматлікія пошукавыя запыты пра тэракты і масавыя забойствы.
Імя і дакладны ўзрост затрыманага ў паведамленні не раскрываюцца. Пра канфіскацыю сапраўднай зброі або выбухоўкі не паведамляецца.