Беларусы Вільні адзначылі свята «Дзяды»
- 1.11.2026, 22:38
Фотарэпартаж.
Беларуская супольнасць у Вільні 30 кастрычніка адзначыла народнае свята памінання памерлых продкаў — «Дзяды». Святкаванне прайшло ў прасторы этнацэнтра «Світанак», перадае «Радыё Рацыя».
Абрад пачаўся з паклікання продкаў. Паводле народных павер’яў, у гэты дзень душы памерлых наведвалі родны дом і далучаліся да сямейнай трапезы.
Кіраўніца этнацэнтра «Світанак» Марына Струнеўская распавяла гісторыю свята, а святар Георгі Рой памаліўся разам з прысутнымі і адзначыў важнасць сямейных сувязяў:
— Кожны з нас можа наракаць, і, думаю, кожны з нас гэта перажывае: сем’і апынуліся раз’яднаныя, з кімсьці мы можам бачыцца, а з кімсьці — увогуле не. Але добра тое, што мы ўсе адчыняем дзверы адзін для аднаго. Дай Бог нам жыць як адна сям’я, і няхай па малітвах і дзякуючы любові нашых дзядоў Гасподзь дабраслаўляе нас.
Беларусы таксама ўспомнілі, як раней адзначалі гэтае свята дома разам са сваімі роднымі. Расказвае Алесь Рыбка:
— Памятаю, у дзяцінстве мы святкавалі гэты дзень: маці накрывала на стол, мы гатавалі вячэру. Таксама пакідалі ежу на стале, каб дзеды прыходзілі. Так мы шанавалі памяць нашых продкаў, што адышлі ў іншы свет. Яшчэ памятаю часы, калі ў Беларусі гэты дзень быў выходным.
Падчас свята «Дзяды» ўдзельнікі калектываў «Світанак» і «Пацеркі» спявалі і танцавалі традыцыйныя беларускія танцы. Вучаніца этнацэнтра і беларускай гімназіі Ядзя Гурыновіч распавяла пра асноўныя беларускія святы, у тым ліку і пра Дзяды.
Таксама была арганізаваная агульная трапеза з куццёй — асаблівым сімвалам непарыўнасці сям’і.