BE RU EN

Піяніста круізнага лайнера, які ўпаў за борт, выратавалі пасля дзевяці гадзін у Ціхім акіяне

  • 10.11.2026, 4:07

Мужчыну знайшлі рыбакі.

Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, піяніста, які ўпаў за борт з круізнага лайнера, знайшлі двое рыбакоў прыкладна за 32 км ад узбярэжжа Каліфорніі.

Грант Гарэт і Шон Нортан заўважылі ў вадзе чалавека паблізу вострава Каталіна ў пятніцу. Паводле прадстаўнікоў уладаў, ён мог правесці ў Ціхім акіяне дзевяць гадзін, паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на CBS News.

Мужчына, імя якога не раскрываецца, быў дастаўлены ў бальніцу ў стабільным стане, паведаміла Бі-Бі-Сі Берагавая ахова ЗША, дадаўшы, што вядзе расследаванне інцыдэнту.

Кампанія Royal Caribbean пацвердзіла, што выратаваны чалавек з'яўляецца яе супрацоўнікам.

Паводле слоў рыбакоў, мужчына сказаў ім, што ён піяніст на 14-палубным круізным лайнеры Ovation of the Seas.

«Ён мне проста сказаў: „Дзякуй. Я думаў, што памру”», — распавёў адзін з рыбакоў, якія выратавалі піяніста, Шон Нортан.

Берагавая ахова паведаміла, што рыбакі дасталі з вады чалавека ў свядомасці і перада́лі яго ратавальнікам у Ньюпорт-Біч, якія пацвердзілі, што выратаваны быў супрацоўнікам круізнага лайнера Ovation of the Seas.

Ратавальнікі мяркуюць, што ён мог упасці за борт каля 02:30 ночы, прыкладна за дзевяць гадзін да таго, як яго заўважылі ў вадзе.

«Гэта адбылося прыкладна ў 15–20 мілях [24–32 кіламетры] ад берага, фактычна пасярэдзіне акіяна», — сказаў начальнік батальёна ратавальнікаў Ньюпорт-Біч Адам Ясенда тэлеканалу CBS.

Нортан патлумачыў выжыванне мужчыны незвычайна цёплай тэмпературай акіяна.

«Гэты год — сапраўдны супер-Эль-Ніньё. Гэты хлопец прабыў у вадзе, напэўна, 10 гадзін, а тэмпература вады — 76 градусаў [прыблізна 24 градусы Цэльсія]», — сказаў Нортан.

«У іншы год ён бы дакладна не выжыў», — дадаў рыбак.

Паводле дадзеных навукоўцаў, якія назіраюць за Ціхім акіянам, кліматычная з’ява Эль-Ніньё, што развіваецца, цяпер з’яўляецца наймацнейшай за ўсю гісторыю назіранняў, у сувязі з чым тэмпература акіяна прыкладна на 3,05 градуса Цэльсія вышэйшая за сярэднюю.

Прадстаўнік Royal Caribbean Group сказаў Бі-Бі-Сі: «Мы аказваем падтрымку і дапамогу нашаму члену экіпажа ў гэты складаны час. З павагі да прыватнага жыцця нашага супрацоўніка мы не можам даць дадатковую інфармацыю».

Апошнія навіны