Літва пачынае жорсткія праверкі транзітнага збожжа з Беларусі
- 10.11.2026, 9:42
Частка яго паступае з часова акупаваных тэрыторый Украіны.
Літва будзе патрабаваць, каб збожжа з Расіі і Беларусі, якое перавозіцца праз Клайпедскі порт, захоўвалася да завяршэння аналізаў, што пацвярджаюць яго паходжанне. Новаўвядзенне можа затрымаць экспарт на некалькі месяцаў.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Як піша агенцтва, у верасні краіна ўжо пачала праверку партый збожжа з Расіі і Беларусі, заявіўшы, што падазрае, што частка яго паступае з часова акупаваных тэрыторый Украіны.
На гэтым фоне ўжо з наступнага тыдня пшаніца, ячмень, насенне сланечніка і кукуруза, якія ідуць на экспарт праз балтыйскі марскі порт Клайпеда з Расіі і Беларусі, не будуць праходзіць мытны кантроль да атрымання вынікаў аналізаў.
«Праверкі могуць заняць два месяцы і больш. Калі заяўленае паходжанне акажацца ілжывым, груз давядзецца вярнуць або знішчыць», — сказаў выданню прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы.
Ён патлумачыў, што паколькі ў Літве няма лабараторыі, дзе можна праводзіць неабходныя аналізы, іх правядзенне за мяжой займае час. Усе выдаткі, звязаныя з захоўваннем, праверкай, вяртаннем або знішчэннем збожжа, возьмуць на сябе экспарцёры.
Reuters адзначыла, што нягледзячы на тое, што санкцыі ЕС забараняюць імпарт расійскага збожжа, транзіт праз тэрыторыю блока па-ранейшаму дазволены.
Масква са свайго боку не пракаментавала статус збожжа, якое было сабрана на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Агенцтва падкрэсліла, што краіны Балтыі імкнуцца спыніць транзіт збожжа з РФ і Беларусі праз свае парты пасля таго, як Масква пачала часцей выкарыстоўваць балтыйскія маршруты ў сувязі з атакамі Украіны на суда і інфраструктуру ў чарнаморскіх партах.
Менеджар па тавараных рызыках у кампаніі StoneX Мэтт Аммерманн адзначыў, што экспарт расійскай пшаніцы складае прыкладна палову ад звычайнага аб'ёму, нягледзячы на спробы знайсці альтэрнатыўныя экспартныя маршруты.