У Берліне стартуе ўнікальная выстава пра палітвязняў
- 10.11.2026, 11:09
Над экспазіцыяй працавалі фонд «Еўрапейская Беларусь» і Музей міру М’янмы.
Сёння ў Берліне ў рамках Тыдня Свабоды адкрываецца выстава Сусветнага Кангрэсу Свабоды «Сумленне ў турэмных робах».
Выстава падрыхтавана сумесна фондам «Еўрапейская Беларусь» і Музеем міру М’янмы.
Куратарамі выставы выступілі лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і вядомы мастак і праваабаронца з М’янмы Сай.
На выставе прадстаўлены турэмныя робы з розных краін, а таксама прадметы турэмнага быту і дакументы.
Выстава прымеркавана да гадавіны падзення Берлінскай сцяны і сведчыць пра тое, што менавіта палітычныя зняволеныя, якіх спрабуюць пазбавіць голасу і ўласнага «я», закоўваючы ў турэмныя робы і турэмныя камеры, у рэшце рэшт руйнуюць сцены і выводзяць сваю краіну да святла.
Выстава працягнецца два дні — 10 і 11 лістапада — і пройдзе ў месцы правядзення Берлінскай канферэнцыі свабоды, у комплексе Colosseum па адрасе: Schönhauser Allee 123, 10437 Berlin.