У Расіі асудзілі экс-міністра, які нарадзіўся ў Мінску
- 11.11.2026, 15:19
Абызоў арганізаваў прысваенне 5 мільёнаў долараў.
Таганскі суд Масквы прызнаў былога расійскага міністра па пытаннях Адкрытага ўрада, ураджэнца Мінска Міхаіла Абызова вінаватым у махлярстве з інвестыцыямі Расійскай венчурнай кампаніі (РВК). Пра гэта піша Moskvichmag.
Паводле версіі следства, у 2016 годзе Абызоў арганізаваў прысваенне 5 млн долараў, якія дзяржаўная РВК уклала ў амерыканскую кампанію Alion Energy, што працавала ў сферы сонечнай энергетыкі. Грошы прызначаліся для развіцця перспектыўных тэхналогій, але, як лічыць абвінавачанне, былі выведзены праз падкантрольныя структуры і прысвоеныя.
Сваю віну Абызоў не прызнаў. Ён сцвярджаў, што сам укладваў сродкі ў Alion Energy і страціў грошы разам з іншымі інвестарамі. Абарона настойвала, што няўдалая венчурная інвестыцыя не роўназначная махлярству.
З улікам папярэдняга прысуду канчатковы тэрмін склаў 14 гадоў калоніі. Акрамя таго, суд прызначыў дадатковы штраф больш як 80 млн расійскіх рублёў (каля аднаго мільёна долараў). Пракуратура прасіла па новай справе восем гадоў, а па сукупнасці з першым прысудам — 15 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф 90 млн рублёў.
Першы прысуд Абызову вынес у снежні 2023 года Пераабражэнскі суд Масквы: 12 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф 80 млн рублёў за стварэнне злачыннай супольнасці, махлярства і іншыя злачынствы. Суд усталяваў, што ў 2011–2014 гадах Абызоў і яго саўдзельнікі пахітылі каля 4 млрд рублёў у навасібірскіх энергетычных кампаній «Сібэка» і «Рэгіянальныя электрычныя сеткі». Для гэтага, згодна з прысудам, выкарыстоўвалі фіктыўныя здзелкі па куплі акцый праз кіпрскую кампанію па завышаных цэнах. Былага міністра таксама прызналі вінаватым у незаконным удзеле ў прадпрымальніцкай дзейнасці.
Абызоў нарадзіўся ў Мінску ў 1972 годзе, вучыўся там у школе, пасля пераехаў у Маскву. Яго арыштавалі вясной 2019 года па абвінавачанні ў прысваенні і вывадзе за мяжу чатырох мільярдаў рублёў.