Алесь Бяляцкі ў Еўрапарламенце заклікаў захоўваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
- 13.11.2026, 12:38
Да таго часу, пакуль у Беларусі не спыняцца рэпрэсіі.
У Еўрапейскім парламенце ў Бруселі 12 лістапада адбылося пасяджэнне Дэлегацыі па сувязях з Беларуссю. Галоўным спікерам на ім стаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, перадае «Радыё Свабода».
У дыскусіі ўдзельнічалі дэпутаты з Польшчы, Літвы, Аўстрыі, Швецыі і Партугаліі. Пасяджэнне было прымеркавана да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю.
Еўрадэпутаты ўшанавалі памяць забітага мірнага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, шостая гадавіна смерці якога прыпала на 12 лістапада.
Адкрываючы пасяджэнне, кіраўніца Дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Малгажата Госеўска назвала становішча з правамі чалавека ў Беларусі катастрафічным:
«Нягледзячы на тое, што адбываюцца вызваленні палітычных зняволеных, вельмі шмат людзей застаюцца ў турмах. Больш за 800 палітычных зняволеных знаходзяцца за кратамі. З 2020 года як мінімум 10 201 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам, і як мінімум 8 807 з іх былі асуджаныя, у тым ліку завочна.
Гэтыя лічбы сведчаць, што, нягледзячы на перыядычныя вызваленні палітычных зняволеных, палітычна матываваныя рэпрэсіі ў Беларусі застаюцца сістэмнымі і шырока распаўсюджанымі. Незалежная палітычная дзейнасць задушаная. Праваабарончыя арганізацыі ліквідаваныя або вымушаныя пакінуць краіну. А журналісты і палітычныя дзеячы сядзяць у турмах, або запалоханыя, або, ратуючыся, вымушаныя пакінуць краіну».
Госеўска заклікала і далей працягваць санкцыі супраць вінаватых у палітычных рэпрэсіях, патрабаваць спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітвязняў. Таксама еўрадэпутатка заклікала падтрымліваць грамадзянскую супольнасць беларусаў.
Мэта Еўрапарламента — дэмакратычная і незалежная Беларусь, адзначыла Госеўска.
Алесь Бяляцкі звязаў сваё другое вызваленне з дзеяннем санкцыйнага рэжыму: «Без санкцый я і сёння заставаўся б за кратамі».
«Што датычыць сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, яна застаецца стабільна дрэннай, рэпрэсіі працягваюцца. Мы фіксуем сёння 900 палітычных зняволеных — гэта мінімальная колькасць людзей, пра якіх мы ведаем. Яшчэ некалькі сотняў людзей сядзяць, і пра іх нічога не вядома. Улады робяць гэта наўмысна, асабліва ў апошнія гады, каб схаваць рэальны маштаб рэпрэсій.
Сапраўдны маштаб рэпрэсій велізарны. Таго, што адбываецца ў Беларусі апошнія шэсць гадоў, мы не перажывалі з часоў сталінскіх рэпрэсій, у нас ніколі не было такога ціску на ўсё грамадства з тых часоў».
Бяляцкі ў сваім выступленні заклікаў захоўваць санкцыі Еўрасаюза, накладзеныя на рэжым Лукашэнкі, пакуль не будуць вызвалены ўсе палітвязні і пакуль не спыняцца рэпрэсіі, а таксама падтрымаў справу супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе:
«Сёлета пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі па звароце Літвы па фактах трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці — дэпартацыі і пераследу па палітычных матывах.
Варта падтрымаць гэта расследаванне як палітычна, так і па сутнасці. Парламентам і ўрадам іншых краін — удзельніц Рымскага статута варта далучыцца да літоўскага звароту. Побач з міжнародным механізмам МКС эфектыўнай была б таксама падтрымка нацыянальных расследаванняў, калі гэта дазваляе юрысдыкцыя».