На мінскай Камароўцы можна ўбачыць памідоры па $18 і агуркі па $10
- 13.11.2026, 17:40
Цэны рэгулярна шокуюць беларусаў.
Цэны рэгулярна здзіўляюць беларусаў, але на некаторых прылаўках можна сустрэць і зусім неверагодныя цэннікі, піша Tochka.by.
Так, у адным з гандлёвых пунктаў можна набыць беларускія агуркі па 30 рублёў за кілаграм.
Хаця сезон ужо скончыўся, такі фермерскі прадукт сапраўды прыцягвае ўвагу.
«Дзе вы яшчэ такія знойдзеце!? Гэта мае агуркі. Я сама іх вырасціла!» — з гонарам расказала прадавачка.
Дарэчы, на суседнім прылаўку падобны адборны «Роднічок» каштуе 12—17 рублёў за кілаграм.
Для справядлівасці варта адзначыць, што агуркоў у гэтым сезоне ўжо стала менш. Але на рынку можна знайсці варыянты і па 3—9 рублёў за кілаграм.
А ў некаторых месцах былі і дарагія памідоры. Самая «неверагодная» цана — на імпартныя з Узбекістана.
Яны салодкія і грунтавыя. За іх просяць аж 55 рублёў за кілаграм.