BE RU EN

Мерц назваў краіны, якія могуць прадстаўляць Еўропу на перамовах па вайне ва Украіне

  • 13.11.2026, 18:59

Канцлер ФРГ пералічыў пяць дзяржаў.

На наступных сустрэчах па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны могуць прысутнічаць пяць еўрапейскіх дзяржаў. Ідзе пра Германію, Францыю, Вялікабрытанію, Італію і Польшчу.

Такую думку выказаў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц<.b>, размаўляючы з журналістамі на палях сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці у Дубліне (Ірландыя) 12 лістапада. Пра гэта піша «Радыё Свабода».

Федэральнага канцлера спыталі, хто павінен прадстаўляць еўрапейскі бок на мірных перамовах. Ён адзначыў, што фармат Еўрапейскай тройкі (Е3), то-бок Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі, добра працуе. Магчымыя і больш шырокія фарматы, лічыць палітык.

«У нас ужо ёсць правераны фармат Е3. Мы таксама часткова працуем над гэтым пытаннем у фармаце пяці краін – Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Польшчы. Я не бачу ніякіх праблем у тым, каб так заставалася і далей», – адказаў Мерц.

Падкрэслім, што канчатковага рашэння адносна складу еўрапейскай дэлегацыі няма.

«У нас ёсць правераныя фарматы ў межах Еўрапейскага саюза, і мы таксама абмяркуем, хто пры неабходнасці будзе прадстаўляць Еўрасаюз. Але гэта пытанне, якое мы будзем абмяркоўваць за зачыненымі дзвярамі», – удакладніў кіраўнік нямецкага ўрада.

«Перш за ўсё я чакаю, што расійскі ўрад, расійскі прэзідэнт нарэшце пагодзяцца на сумесныя перамовы», – дадаў ён.

Мерц таксама заявіў, што бачыць пэўныя пазітыўныя сігналы з боку Масквы. «Я з пэўным задавальненнем адзначаю, што, відавочна, расійскі бок усё больш гатовы прызнаваць, што нельга гаварыць пра Еўропу без Еўропы. І гэта ўжо само па сабе добрая навіна. Ці захаваецца такая пазіцыя – убачым. Цяпер вельмі многае будзе залежаць ад перамоваў у найбліжэйшыя дні», – сказаў канцлер.

Нагадаем, у аўторак і сераду дэлегацыі Украіны, ЗША і РФ сустрэліся ў Абу-Дабі (ААЭ), а ўжо ў чацвер прадстаўнікі Вашынгтона Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер адправіліся ў Маскву, каб пагаварыць там з крэмлёўскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. У той жа дзень амерыканцы вярнуліся і прызямліліся ў Дубліне (Ірландыя) для перамоваў з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.

На сумеснай прэс-канферэнцыі Зяленскі, Уіткоф і Кушнер пацвердзілі, што Еўропа павінна стаць удзельніцай перамоў з правам голасу. Расійскі бок папярэдне пагадзіўся на гэта.»

Апошнія навіны