Пад Жыткавічамі грузавік урэзаўся ў маршрутку
- 13.11.2026, 19:43
У бальніцу даставілі 10 чалавек, у тым ліку траіх дзяцей.
Каля 15:00 на 306-м кіламетры трасы М10 «Мяжа Расійскай Федэрацыі — Гомель — Кобрын», недалёка ад вёскі Дзедаўкі Жыткавіцкага раёна, адбылося сутыкненне грузавіка і маршрутнага таксі.
Паводле папярэдняй інфармацыі ДАІ, 27-гадовы вадзіцель грузавіка Iveco падчас абгону выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з мікрааўтобусам Mercedes-Benz Sprinter, які рухаўся па маршруце «Мінск — Петрыкаў». У салоне маршруткі знаходзіліся 13 чалавек.
Пасля аварыі ў медыцынскія ўстановы для абследавання і аказання дапамогі даставілі абодвух вадзіцеляў і пасажыраў мікрааўтобуса — усяго 10 чалавек. Сярод пацярпелых — трое дзяцей.
Як піша газета «Новае Палессе», на месца здарэння аператыўна прыбылі брыгады хуткай дапамогі, у тым ліку медыкі з суседніх Мікашэвічаў. Пацярпелым аказалі першую дапамогу, пасля чаго іх даставілі ў Жыткавіцкую раённую бальніцу.
Следчыя высвятляюць абставіны аварыі і разыскваюць відавочцаў, у тым ліку вадзіцеляў, на відэарэгістратарах якіх мог захавацца момант ДТЗ.