Парламент Германіі ўхваліў гістарычную рэформу спецслужбаў
- 13.11.2026, 22:59
Разведцы дазволілі кібератакі і дыверсіі за мяжой.
Нямецкія спецслужбы — Федэральная разведвальная служба Германіі (BND) і Федэральнае ведамства па ахове Канстытуцыі (BfV) — будуць надзеленыя шырокім наборам дадатковых паўнамоцтваў, якіх яны былі пазбаўленыя з часу свайго стварэння пасля Другой сусветнай вайны. Законапраект аб гэтым быў прыняты Бундэстагам у пятніцу, піша Deutsche Welle.
Спецслужбы атрымаюць «аператыўныя» паўнамоцтвы, тады як раней яны пераважна займаліся зборам інфармацыі. У прыватнасці, агентам дазволяць здзяйсняць хакерскія атакі і праводзіць дыверсіі за мяжой пры пагрозе нацыянальнай бяспекі. А контрразведцы BfV пры пэўных умовах дазволяць таемна пранікаць у кватэры.
Акрамя таго, аператыўнікам дазволяць дыстанцыйна ўзламваць прылады падазроных для чытання зашыфраваных мэсэнджараў і выкарыстоўваць сродкі ШІ для аналізу вялікіх масіваў дадзеных. Таксама контрразведка атрымала права ў выключных выпадках вербаваць у якасці інфарматараў падлеткаў 16–17 гадоў, а знешняя разведка — даўжэй захоўваць перахопленыя за мяжой дадзеныя.
«Разведвальныя ведамствы ператвараюцца ў паўнавартасныя спецслужбы. Гэтыя меры патрэбныя нам для барацьбы з ворагамі дэмакратыі, якія пагражаюць краіне як звонку, так і знутры», — заявіў кіраўнік МУС Германіі Аляксандр Добрындт, які раней называў праект «рэформай стагоддзя». Ён адзначыў, што новыя паўнамоцтвы неабходныя спецслужбам з-за росту замежнага шпіянажу, асабліва з боку Расіі, Кітая і Ірана.
У той жа час дэпутатка ад «Левай партыі» Клара Бюнгер заявіла, што новыя магчымасці сілавікоў параўнальныя са стварэннем «новай нямецкай тайнай паліцыі» (цытата па Tagesschau). Аналагічнымі паўнамоцтвамі да заканчэння халоднай вайны валодала толькі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР, якая знаходзілася ў савецкай арбіце. Рэформа аслабіла прынцып, прыняты пры стварэнні Заходняй Германіі ў 1949 годзе, згодна з якім паўнамоцтвы паліцыі і разведкі строга раздзяляліся, каб не дапусціць адраджэння метадаў нацысцкага гестапа і ўсходненямецкай «Штазі».
Абедзвюм службам, праўда, па-ранейшаму забаронены фізічныя ліквідацыі, правядзенне адкрытых вобшукаў і арыштаў (гэта застаецца выключна за паліцыяй, адзначае Handelsblatt), а за іх дзеяннямі будзе сачыць спецыяльна пашыраны Незалежны кантрольны савет, піша Die Zeit.
Як адзначае Euronews, рэформа, падаецца, накіраваная на рэалізацыю прынцыпу стрымлівання, як і ў абароннай сферы. Кіраўнік BND Марцін Йегер заявіў, што Германія павінна прадэманстраваць суперніку, «што мы здольныя рабіць вельмі падобныя рэчы, каб і іншы бок адчуў боль».
За прыняцце закона ў Бундэстагу прагаласавалі 308 дэпутатаў, супраць — 190, яшчэ 71 парламентарый устрымаўся.