BE RU EN

Пуцін загнаў сябе ў заганнае кола

  • Абас Галямаў
  • 13.11.2026, 23:12

Каб аслабіць НАТА, Крэмлю давядзецца перастаць пагражаць Еўропе.

Дырэктар дэпартамента знешнепалітычнага планавання расійскага МЗС Драбінін прапанаваў краінам НАТА заключыць з Расіяй двухбаковыя дагаворы аб ненападзе.

Калі б гэта адбылося, то Паўночнаатлантычны альянс як структура калектыўнай абароны ад Расіі апынуўся б непатрэбным. Навошта НАТА, калі кожны яго член асобна ўжо абаронены? Расія ж дала ім свае гарантыі.

Праблема толькі ў тым, што ў Украіны такія гарантыі таксама былі. Спачатку ў межах Будапешцкага мемарандума, а потым і двухбаковага дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве Расія гарантавала Украіне мір, а таксама павагу да яе суверэнітэту, межаў, тэрытарыяльнай цэласнасці — і што? Ці дапамагло гэта ўкраінцам? Не.

Дык наўрад ці еўрапейцы на гэта пагодзяцца. Дамовы з Расіяй, можа, і падпішуць, але толькі так, каб абавязкі, узятыя імі ў межах гэтых дамоваў, не перашкаджалі выкананню іх абавязкаў, зафіксаваных перад НАТА. А як інакш? Усе ж бачаць, як паводзяць сябе расіяне.

Заўтра, дапусцім, не спадабаецца Крэмлю, што сербскія студэнты зрынулі Вучыча, і ён абвесціць змену ўрада «пераваротам». А потым яшчэ і пра якія-небудзь гістарычныя крыўды ўспомніць — часоў Рурыка і печанегаў, — а таксама якія-небудзь землі «спрадвечна рускімі» абвесціць — і ўсё, casus belli знойдзены. Дык што без НАТА ніяк. Абапірацца на дамоўленасці з Расіяй яшчэ доўга ніхто не будзе.

Думаю, што Мядзінскі ўсё гэта разумее і таму названую ідэю нават агучваць не стаў. Гэта зрабілі лаўроўскія бюракраты.

А праўда, задайцеся пытаннем: чаму ў дзень афіцыйных перамоваў у Абу-Дабі, дзе, уласна, і абмяркоўваецца будучая архітэктура еўрапейскай бяспекі, расійскія прапановы на гэты конт агучвае не хто-небудзь з чальцоў расійскай дэлегацыі, а клерк у Маскве?

Мядзінскі паводле свайго прафесійнага складу хутчэй паліттэхнолаг, чым бюракрат. І ён павінен разумець, што з пункту гледжання публічнай камунікацыі прапанова МЗС надзвычай няўдалая.

Варта Расіі прапанаваць еўрапейцам гарантыі ненападу, як тыя адразу пачнуць абмяркоўваць, чаго гэтыя гарантыі вартыя. Абавязкова ўспомняць, што ў Украіны яны таксама былі. І вось ужо ў цэнтры парадку дня ажывае амаль забытая тэма парушэння Расіяй узятых на сябе абавязкаў.

Гэта гарантаваная новая хваля негатыўных эмоцый адносна Масквы і сімпатыяў да Кіева. Першая, аказваецца, не проста напала на другога, яна зрабіла гэта вераломна — у парушэнне ўласных абяцанняў нічога падобнага не рабіць. У дадатак да тэмы расійскай агрэсіўнасці ў парадку дня апынецца яшчэ і тэма каварства, ненадзейнасці расіян.

З пункту гледжання паліттэхнолага гульня дакладна не вартая свеч. За сталом усё адно ні пра што не дамовімся, а ў медыйным полі прайграем. Мядзінскі бачыць, што падобная ініцыятыва — гэта па сутнасці пас ворагу. Ён разумее, што рабіць яго зусім няма патрэбы.

А вось з пункту гледжання бюракрата з МЗС, які з грамадскай думкай справы ад роду не меў, гэтая ініцыятыва цалкам нармальная. Бюракрат не бачыць палітычнага кантэксту, у яго няма адпаведнага навыку. Бюракрату загадалі будаваць новую архітэктуру бяспекі — вось ён яе і будуе. Капае ад плота і да абеду…

Насамрэч, я думаю, што ў ідэі Драбініна вялікая будучыня. Яна мае ўсе шанцы спадабацца Пуціну. Праблему апраўданага недаверу Захаду да Расіі ён адкіне, а тое, што застанецца, пакажацца яму лагічным: маўляў, калі вас трывожыць расійская пагроза, то мы дамо вам гарантыі, галоўнае — пакіньце НАТА ўбаку, навошта яно вам?

У гэтым — увесь Пуцін. Ён шчыра лічыць, што словы і абавязкі існуюць асобна ад учынкаў. Сёння можна падпісаць дагавор, заўтра яго парушыць, а паслязаўтра прапанаваць новы — і шчыра дзівіцца, чаму табе больш не вераць. Пуцін проста не чуў старой рускай прымаўкі: «Страціш давер у алтыне — не павераць у рублі».

Пуцін хоча, каб еўрапейцы ўспрымалі расійскія гарантыі як альтэрнатыву НАТА. Але менавіта яго ўласныя дзеянні зрабілі НАТА для еўрапейцаў значна больш неабходным, чым раней.

Атрымліваецца заганнае кола: каб пераканаць еўрапейцаў адмовіцца ад НАТА, Пуціну трэба спачатку пераканаць іх, што Расія больш не ўяўляе пагрозы. А каб пераканаць іх у гэтым, недастаткова падпісаць чарговы дагавор. Трэба перастаць паводзіць сябе так, як паводзіць сябе Пуцін.

Інакш кажучы, у рэшце рэшт галоўнай перашкодай на шляху рэалізацыі пуцінскай ідэі з’яўляецца сам Пуцін.

Абас Галямаў, Pointmedia

Апошнія навіны