Эканоміцы РФ прадказалі новую рэальнасць
- 14.11.2026, 3:24
Пасля разгрому паловы магутнасцяў па вытворчасці бензіну.
Новая хваля ўкраінскіх удараў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах можа прывесці да чарговага паліўнага крызісу ў РФ і пагрузіць расійскую эканоміку ў новую рэальнасць.
Пра гэта заявіў старшы навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Сяргей Вакуленка, адзначыўшы, што новая серыя ўкраінскіх атак магла паралізаваць магутнасці, якія вырабляюць каля 55% усяго бензіну ў РФ, піша dialog.ua.
На працягу апошніх двух тыдняў атакі прыйшліся на шэраг найбуйнейшых расійскіх НПЗ. Геаграфія налётаў ахапіла значную тэрыторыю краіны, што, паводле ацэнкі эксперта, стварае сур'ёзныя рызыкі для ўнутранага рынку паліва. Некаторыя прадпрыемствы маглі цалкам або часткова прыпыніць выпуск нафтапрадуктаў.
Аналітык акцэнтуе ўвагу на тым, што лістападаўскі попыт на бензін у РФ прыкладна на 5% ніжэйшы за ліпеньскі, аднак гэта не моцна выратуе сітуацыю.
Вакуленка прагназуе, што ў бліжэйшыя дні атакі на расійскія НПЗ будуць працягвацца і закрануць прадпрыемствы ў Ніжнекамску, Пермі і Цюмені.
Паводле слоў аўтара, у выпадку рэалізацыі сцэнару змяншэння вытворчасці бензіну ў апісаных вышэй аб'ёмах расійскаму ўраду давядзецца фактычна да нуля абмяжоўваць прыватнае спажыванне бензіну, каб прывесці попыт у раўнавагу з даступнай колькасцю паліва.
Калі Кіеў зможа наносіць паўторныя ўдары па расійскіх НПЗ з тым жа ахопам і інтэнсіўнасцю раз на дзве-тры тыдні на працягу некалькіх месяцаў, расійская эканоміка апынецца ў «прынцыпова новай рэальнасці», падкрэсліў эксперт.
Варта адзначыць, што OSINT-аналітыкі падлічылі, што за 15 дзён былі атакаваныя 10 расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў з сумарнай гадавой магутнасцю перапрацоўкі 135,95 млн тон.