У справе экс-міністра ўрада Орбана выявілі мільёны наяўных грошай
- 14.11.2026, 11:34
Частка грошай закопаная ў лесе.
У Венгрыі падчас вобшукаў у межах крымінальнай справы ў дачыненні да дэпутата парламента, былога міністра нацыянальнага развіцця Міклоша Шэстака, выявілі наяўныя на суму больш як 5 млрд форынтаў, а таксама мільёны еўра і долараў.
Пра гэта паведаміла Нацыянальнае ўпраўленне па вяртанні і ахове дзяржаўнай маёмасці (NVVH).
12 і 13 лістапада ўпраўленне правяло скаардынаваныя следчыя дзеянні ў некалькіх месцах краіны, у прыватнасці ў Будапешце, Пешце, Бекешы і Ноградзе, у межах крымінальнай справы ў дачыненні да Шэстака, былога міністра нацыянальнага развіцця ва ўрадзе Віктара Орбана.
Падчас вобшукаў следчыя выявілі значную суму наяўных: грошы былі закопаныя ў лесе, схаваныя ў сельскагаспадарчых і складскіх будынках і жылым доме, а таксама захоўваліся ў вялікім сейфе, размешчаным у патайным месцы.
Агульная сума наяўных, знойдзеных за два дні вобшукаў, складае 5 071 632 000 форынтаў (больш за 13,5 млн еўра), 2 658 350 еўра і 1 257 100 долараў ЗША.
Супрацоўнікі NVVH перадалі гэтыя сродкі ў Дзяржаўнае казначэйства Венгрыі.
Міклош Шэстак — дэпутат і віцэ-прэзідэнт партыі KDNP, палітычнага спадарожніка «Фідэс». Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару на суму 30 млн долараў, і парламент ужо пазбавіў яго недатыкальнасці.
11 лістапада суд у Будапешце пастанавіў узяць пад варту на адзін месяц Арона Орбана, малодшага брата былога прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, а таксама яго сужыцельку па справе аб меркаванай дапамозе грамадзянам В’етнама ў незаконнай пераправе ў Заходнюю Еўропу.