BE RU EN

Рубіё патлумачыў, чаму больш не трэба ваяваць з Іранам

  • 14.11.2026, 11:59

Іншы шлях уздзеяння на Тэгеран аказаўся эфектыўным.

Паводле слоў кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента, эканамічны ціск ужо нанёс Ісламскай рэспубліцы занадта сур'ёзную шкоду.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у пятніцу на штогадовай Нацыянальнай канферэнцыі юрыстаў Federalist Society, што Вашынгтону на гэтым этапе не патрабуецца працягваць ваенныя дзеянні супраць Ірана, паколькі эканамічная шкода, нанесеная Ісламскай рэспубліцы, ужо настолькі вялікая, што далейшыя ўдары не патрэбныя, піша 9tv.co.il.

Заява Рубіё прагучала пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней на гэтым тыдні абвясціў, што вайна «з ваеннага пункту гледжання фактычна завершана». «І цяпер, шчыра кажучы, эканамічная шкода, якую мы наносім гэтаму рэжыму, настолькі вялікая, што ваенныя дзеянні не патрэбныя. Мы настолькі яго аслабілі», – заявіў дзяржаўны сакратар. Пры гэтым галоўнай перамогай ЗША ён назваў гарантыю таго, што Іран ніколі не атрымае ядзерную зброю.

Рубіё таксама прызнаў, што вайна абярнулася сур'ёзнымі эканамічнымі наступствамі для саміх амерыканцаў. Ваенныя дзеянні прывялі да росту коштаў на паліва і закранулі практычна ўсе сектары сусветнай эканомікі.

Паводле слоў дзяржаўнага сакратара, Трамп мог бы не ўмешвацца ў сітуацыю, пазбегнуць непапулярнай вайны і пакінуць вырашэнне іранскай ядзернай праблемы свайму пераемніку. Аднак прэзідэнт вырашыў не адкладаць гэтае пытанне.

«Гэта цяжка. Гэта няпроста, і часта такія рашэнні цягнуць за сабой пэўныя выдаткі, у тым ліку эканамічныя. Мы гэта разумеем», – сказаў Рубіё.

У апошнія дні Дональд Трамп некалькі разоў казаў пра завяршэнне вайны, адзначыўшы ў інтэрв'ю спартыўнаму каналу ESPN, што ЗША маглі б знішчыць інфраструктуру Ірана за тры дні.

У чацвер Дональд Трамп заявіў, што ён скарачае дыпламатычныя намаганні па ўрэгуляванні канфлікту з Іранам і адклікае Джэя Дзі Вэнса з гэтага напрамку. Прэзідэнт даў зразумець, што аддае перавагу захаваць ваенна-марскую блакаду і працягваць ціск на іранскую эканоміку.

Апошнія навіны