Канада адмовілася ствараць для Расіі «санітарны кардон» на ўсходнім фланзе НАТА
- 14.11.2026, 13:13
Прэм'ер-міністр Марк Карні спаслаўся на гістарычны досвед.
Канада не будзе ствараць для Расіі так званы «санітарны кардон» на ўсходнім фланзе НАТА.
Такую заяву падчас зносін з журналістамі зрабіў канадскі прэм'ер-міністр Марк Карні, піша Clash Report у сваім акаўнце ў сацсетцы X.
Карні падкрэсліў, што Канада, будучы сябрам НАТА, ніколі і ні пры якіх абставінах не спыніць абараняць іншыя дзяржавы Альянсу. У якасці прыкладу ён прывёў Латвію, дзе ў складзе Шматнацыянальнай брыгады НАТА служаць 2500 канадскіх вайскоўцаў (у гэтай брыгадзе ўсяго 3500 чалавек – прым. рэд.).
«Мы не збіраемся ствараць для Расіі санітарны кардон. Вы ж ведаеце, да чаго гэта прыводзіла ў мінулым», – сказаў Карні.
Заява прэм'ер-міністра Канады пра Латвію і «санітарны кардон» для Расіі прагучала неўзабаве пасля таго, як у Абу-Дабі скончыліся перамовы ў трохбаковым фармаце з удзелам ЗША, Украіны і РФ, на якіх расійская дэлегацыя, як сцвярджаюць СМІ, заявіла пра неабходнасць «звужэння» межаў НАТА.
Паводле звестак The New York Times, Расія ў рэжыме сакрэтнасці абвясціла зацікаўленым бакам, што перш чым Пуцін пагодзіцца спыніць вайну супраць Украіны, павінны быць ліквідаваныя «першапрычыны канфлікту», то-бок усе прэтэнзіі да НАТА. Галоўнае патрабаванне Крамля да НАТА — вяртанне Альянсу да яго межаў 1997 года.