BE RU EN

У ЗША ўпершыню ўручылі музыкучную прэмію за песні, створаныя штучным інтэлектам

  • 14.11.2026, 18:56

Галоўныя ўзнагароды атрымала віртуальная R&B-выканаўца Xania Monet.

У Лос-Анджэлесе прайшла першая цырымонія ўручэння AI Music Awards, прэміі для музыкі, створанай з дапамогай штучнага інтэлекту, і людзей, якія над ёй працуюць. Галоўныя ўзнагароды атрымала віртуальная R&B-выканаўца Xania Monet: яе песня стала першай кампазіцыяй артыста ШІ, што трапіла ў адзін з радыёчартаў Billboard. Падзея адбылася на фоне спрэчак аб аўтарскіх правах і асцярогаў, што генератыўны ШІ выцесніць людзей з музычнай індустрыі, піша Reuters.

Удзельнікі цырымоніі падкрэслівалі, што музыку, створаную з дапамогай ШІ, варта ўспрымаць як асобны творчы накірунак, у якім важная роля чалавека. Музычны прадусар Дрэйк Мерфі, уручаючы ўзнагароду за найлепшую хіп-хоп-кампазіцыю, створаную з дапамогай ШІ, заявіў: «У свеце, дзе некаторыя называюць ШІ «падробкай», чалавек, які стаіць за ім, — цалкам рэальны».

Xania Monet перамагла ў трох галоўных катэгорыях: «Выканаўца года», «Песня года» і «Альбом года». Віртуальны вобраз стварыла Тэліша «Ніккі» Джонс. Яна сама піша тэксты, а потым з дапамогай ШІ ператварае іх у музычныя кампазіцыі.

Адна з песень праекта — How Was I Supposed to Know? — прыцягнула ўвагу музычнай індустрыі пасля траплення ў радыёчарт Billboard. Паводле слоў Джонс, музыка, створаная з дапамогай ШІ, стала новай з'явай, да якой слухачам давядзецца прывыкнуць. Яна таксама ўпэўненая, што гэты накірунак не знікне ў бліжэйшы час.

Пераможцаў выбіралі музыкі, якія самі выкарыстоўваюць ШІ і ўваходзяць у Sonic Intelligence Academy. Гэтая арганізацыя распрацоўвае чарты для такой музыкі, а таксама інструменты для вызначэння кампазіцый, створаных з дапамогай ШІ.

Музыкі пабойваюцца, што згенераваныя трэкі ўскладняць прасоўванне артыстаў-людзей і скарацяць попыт на працу спевакоў, аўтараў песень, прадусараў і гукааператараў. У той жа час удзельнікі AI Music Awards сцвярджаюць, што тэхналогія дапамагае ўвасабляць ідэі тым, каму не стае музычнай адукацыі або навыкаў для самастойнага стварэння кампазіцый.

«Шмат што з таго, што мы робім за кулісамі, — гэта цяжкая праца, насуперак распаўсюджанаму меркаванню… Мастацтва ёсць мастацтва, і я лічу, што гэта толькі яшчэ адно яго праяўленне», — заявіў намінант Дж. Фрэквент.

Апошнія навіны