ЕС ухваліў найбуйнейшы транш дапамогі Украіне
- 16.11.2026, 15:12
Амаль €8 мільярдаў могуць паступіць ужо ў бліжэйшы час.
Рада Еўрапейскага саюза прыняла рашэнне аб выдзяленні Украіне амаль €8 млрд фінансавай падтрымкі ў межах праграмы Ukraine Facility. Грошы могуць паступіць у бліжэйшы час. Пра гэта прэм’ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі паведаміў 16 лістапада ў Telegram.
Паводле яго слоў, з улікам гэтага траншу Украіна ў 2026 годзе ў цэлым атрымае €13,57 млрд у межах Ukraine Facility.
Карэцкі адзначыў, што гэта важная падтрымка для захавання фінансавай устойлівасці Украіны і забеспячэння прыярытэтных патрэб дзяржавы ва ўмовах вайны.
Як адзначыў прэм’ер, рашэнне стала магчымым дзякуючы выкананню Украінай абавязацельстваў, прадугледжаных «Планам дзеянняў для Украіны» (Ukraine Plan) на другі квартал 2026 года, а таксама сумеснай працы ўрада і парламента. «Прыняты шэраг важных рашэнняў у дзяржаўным кіраванні, фінансавым сектары, энергетыцы і іншых напрамках», — дадаў ён.
Карэцкі таксама падкрэсліў неабходнасць «захаваць тэмп» і выканаць астатнія дамоўленасці, ад якіх залежыць далейшае фінансаванне ў межах Ukraine Facility.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў транш амаль у €8 млрд найбуйнейшай разавай выплатай для Украіны ў межах Ukraine Facility. Паводле яго слоў, Рада ЕС прыняла гэта рашэнне пасля выканання Украінай больш за 20 абавязацельстваў па рэформах. На думку прэзідэнта, гэта пацвярджае, што Украіна выконвае дамоўленасці з Еўрасаюзам.
«Ключавое — каб гэты прагрэс таксама знайшоў адлюстраванне ў адкрыцці двух апошніх перамоўных кластараў па ўступленні Украіны ў Еўрасаюз», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён падзякаваў прэзідэнтцы Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен за яе «асабістыя намаганні дзеля паскарэння падрыхтоўкі гэтага плацяжу» на фоне росту бюджэтных патрэб Украіны напярэдадні зімы і ўзмацнення расійскіх атак.