У Беларусі выявілі адзін з найрадзейшых грыбоў Еўропы
- 16.11.2026, 15:14
Ён занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу.
У Белавежскай пушчы выявілі тры новыя месцы, дзе расце адзін з найрадзейшых грыбоў Еўропы — антрадзіелла цытрынава-жоўтая (Antrodiella citrinella). Гэты незвычайны грыб знаходзіцца пад пагрозай знікнення і занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу.
Антрадзіелу лёгка не заўважыць на старым дрэве, бо яе памер — усяго ад 1 да 7 сантыметраў. Грыб выдзяляецца яскравым цытрынава-жоўтым колерам са светлай аблямоўкай па краях, адзначылі супрацоўнікі навуковага аддзела Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Часам антрадзіелла выглядае як жоўтая скарыначка на драўніне, а часам утварае невялікія шляпкі. Знізу ў іх мноства драбнюткіх пор.
Чаму грыб знаходзіцца пад пагрозай знікнення?
Гэты грыб вельмі патрабавальны да месца пражывання. Яму патрэбныя старыя лясы, дзе шмат паваленых і гніючых дрэў. Найчасцей антрадзіелла расце на мёртвай драўніне іглічных парод. Пры гэтым выбірае не любы ствол, а той, на якім ужо пасяліўся іншы грыб — трутовік аблямаваны.
Такія ўмовы сустракаюцца ўсё радзей, патлумачылі навукоўцы. Калі старыя дрэвы высечваюць, а паваленыя ствалы прыбіраюць з лесу, антрадзіелла застаецца без прыдатнага месца для жыцця. У Міжнародным Чырвоным спісе від мае статус EN: гэта азначае вельмі высокую рызыку знікнення ў дзікай прыродзе.
Чаму знаходка ў Белавежскай пушчы такая важная для навукоўцаў?
Антрадзіелла дапамагае навукоўцам вызначаць, наколькі добра захаваўся натуральны лес. Калі грыб тут расце, значыць, на гэтым участку ёсць старыя дрэвы, мёртвая драўніна і прыдатныя ўмовы для рэдкіх відаў.
Выяўленне адразу трох новых месцаў росту спецыялісты Нацыянальнага парка лічаць пацвярджэннем таго, што ў Белавежскай пушчы захаваліся такія ўчасткі лесу.
— Каб захаваць адзін рэдкі грыб, недастаткова проста абнёсці яго плотам, — падкрэслілі ў навуковым аддзеле.