У Беларусі знайшлі гіганцкае гняздо рэдкай птушкі
- 16.11.2026, 20:22
Фотафакт.
Найбуйнейшае гняздо рэдкай для Беларусі чырванакніжнай птушкі выявілі ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Ідзе гаворка пра найбуйнейшага драпежніка сярод птушак у Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе — арлана-белахвоста.
Гэта водная птушка: пасяляецца каля азёр, рэк і балот, палюе на рыбу і ваднаплаўных птушак. Пашырэнне арэала арлана — верная прыкмета таго, што экасістэма нацпарка знаходзіцца ў выдатным стане.
У Беларусі арлан занесены ў Чырвоную кнігу. Большая частка беларускай папуляцыі жыве ў басейне ракі Прыпяць у раёнах балот і поймавых лясоў. Нядзіўна, што Нацыянальны парк «Прыпяцкі» — адно з ключавых месцаў абітання гэтай птушкі.
Гняздо арлана — гэта трывалая масіўная пабудова з тоўстых галінак, высланая знутры карой, лісцем і тонкімі пруткамі. Яно штогод дабудоўваецца, таму можа дасягаць двух метраў у дыяметры і паўтара метра ў вышыню.
Новае гняздо — найбольшае з вядомых на тэрыторыі парку. Пры неабходнасці ў ім змясціўся б і чалавек.
Арланы карыстаюцца такімі гнёздамі гадамі, часам будуюць паблізу яшчэ некалькі «кватэр». У кладцы звычайна да трох яек, якія насяджваюцца каля 40 сутак.
Падрослыя птушаняты вылятаюць з гнязда праз 70 сутак. Аднак яшчэ доўгі час трымаюцца побач з бацькамі.